Читать «Белы Бім Чорнае вуха» онлайн - страница 43

Гавриил Николаевич Троепольский

— Ляжы, Чорнае вуха, ляжы. Я прыйду. — І пайшла туды, дзе некалькі жанчын корпалася на пуцях.

Бім глядзеў ёй услед мутнымі вачыма. Але потым, намогшыся з усяе сілы, прыўстаў і паволі, хістаючыся, пайшоў за ёю. Тая азірнулася, пачакала яго. Ён прыплёўся і лёг перад ёю.

— Гаспадар кінуў? — запыталася яна. — Паехаў?

Бім уздыхнуў. І яна зразумела.

Падышлі яны да тых, што працавалі. Усе тут былі жанчыны, апранутыя гэтаксама, як і Добры чалавек, а збоч стаяў мужчына ў аблавушцы на патыліцы і з люлькаю ў зубах. Ён запытаў сярдзіта:

— Да сабакі прывязалася, Матрэна? А хто рабіць будзе? Эх ты, Матрэна, Матрэна… Як ні скажы — Матрэна. — І тыцкаў пальцам да яе.

Бім скеміў: харошы чалавек — гэта Матрэна. Яна загадала яму ляжаць ля абочыны, а сама ўзяла нейкія вялізныя абцугі і ўхапілася імі за шпалу разам з астатнімі жанкамі.

— Раз-два, ўзялі! — раўнуў мужчына. — Яшчэ разік! Яшчэ раз! — крычаў ён нават з гонарам, узяўшы рукі ў бокі.

На кожны яго крык жанчыны цягнулі дружнымі рыўкамі так, што бервяно паслухмяна паўзло за імі, сціснутае абцугамі. Кожны раз, як цягнулі, твары ў жанчын аж чырванелі ад натугі, а ў аднае з іх, худасочнае і кволае, твар, наадварот, бляднеў і нават сінеў. Гэту жанчыну Матрэна адапхнула рукою і сказала гэтак сама, як некалі гаварыў гаспадар Біму, праганяючы яго:

— Адыдзі! Адпачні, а то богу душу аддасі. — І да мужчыны: — Ну крычы, ці што, анцыхрыст!

— Раз-два, ўзялі! — раўнуў той і паправіў аблавушку, стаў выводзіць, быццам яму было неўмагату цяжка: — Ой, бабкі, яшчэ раз! Муж паехаў на Каўказ! Не даехаў да Каўказа! Ажаніўся там, зараза! Стоп! Кладзі струмант!

Слова «зараза» Бім ужо чуў ад Кірпатага дзядзькі: нядобрае слова. Астатніх слоў ён не зразумеў.

А жанчыны паклалі абцугі, узялі жалезныя кастылі і пачалі ўбіваць іх цяжкімі доўгімі малаткамі, быццам бы забаўляючыся, убівалі кастыль за тры ўзмахі, а Кволая ад кожнага ўдару стагнала, вохкала:

— Ах-ха! Ох-ха!

— Давай, давай! — пакрыкваў Зараза, напіхаючы люльку. — Давай, давай, Аніся! — Ён падышоў да жанчыны: — З адцяжкаю бі, на сябе пацягвай — лягчэй пойдзе.

Аніся — гэта Кволая. Яна больш за другіх марудзіла з кожным кастылём і ўрэшце засталася наводшыбе. Дзіўнае жанчынам і незразумелае здарылася ў гэты час: Бім падышоў да Аніссі расслабленаю паходкаю і таксама, як і Матрэне, палізаў горкія брызентавыя рукавіцы. Усе прыпыніліся і здзіўлена глядзелі на Біма.

Потым яны па загаду Заразы селі ўсе пад кустамі і палуднавалі, кожная са свайго клуначка. І накармілі Біма. Ён еў. Цяпер ён ужо браў ежу з рук добрых людзей. Гэта ратавала яго.

Пад вечар ён затурбаваўся: падыходзіў да Матрэны, садзіўся, вяла пераступаў пярэднімі лапамі, зазіраў у твар, зноў адыходзіў, клаўся, але скора зноў вяртаўся і зноў адыходзіў.

— Пайсці хочаш, Чорнае вуха, — дагадалася Матрэна. — Ну, ідзі, пайшоў, Чорнае вуха. Куды ж я цябе дзену? Няма куды. Ідзі.

Бім развітаўся і пайшоў, паволі, не па-сабачы. Пайшоў уздоўж чыгункі назад. Дарога — яна і ёсць дарога, яна паказвае, куды ісці, — ніколі не зблудзіш, калі правільна пайшоў. Толькі вось усё цела балюча ныла, а пасля ўчарашніх пабояў Шэрага цяжка было дыхаць, асабліва на хаду, але — што рабіць! — трэба ісці, дзякуй богу, ён пакарміўся ў добрых жанчын, ды і сцяжынка паўз шпалы была гладкая і роўная. Пакрысе ўцягнуўся, нават ціхенька-ціхенька затрухаўся подбегам. Якія жывучыя сабакі і як скора адыходзяць!