Читать «Белы Бім Чорнае вуха» онлайн - страница 3

Гавриил Николаевич Троепольский

Гаспадар Бімавай маці вырашыў быў выбракаваць белага з памёту, утапіць, але трапіўся дзівак, які пашкадаваў такога прыгажуна. Дзівак той і быў Бімаў гаспадар: ці бачыце, упадабаліся яму вочы, разумныя. Трэба ж! А зараз і думай: дадуць ці не дадуць радаслоўную?

Тым часам гаспадар спрабаваў разгадаць, адкуль такая анамалія ў Біма. Ён перабраў усе кнігі пра паляванне і сабакагадоўлю, каб хоць крыху даведацца праўду і потым даказаць, што Бім не вінаваты. Менавіта таму ён пачаў выпісваць у тоўсты сшытак з розных кніг усё, што магло пасведчыць за Біма як за раўнапраўнага прадстаўніка пароды сетэраў. Бім стаў ужо яго сябрам, а сяброў трэба ратаваць. А то не хадзіць Біму пераможцам на выстаўках, не звінець золатам медалёў на грудзях: які ты ні будзь залаты сабака на паляванні, з пародзістых ён будзе выключаны.

Якая ўсё ж несправядлівасць на белым свеце!

Запіскі гаспадара

За апошнія месяцы Бім непрыкметна ўвайшоў у маё жыццё і трывала заняў у ім сваё месца. Чым жа ўзяў ён? Дабратою, шчырым даверам і ласкавасцю — пачуццямі, якія заўсёды прывабліваюць, калі за імі не стаіць падхалімства, якое пасля ўсё пакрысе ператварае ў несапраўднае — і дабрату, і давер, і ласку. Жудасна гэта — падхалімства. Не давядзі госпадзі! Але Бім пакуль што толькі малышаня і мілы сабачка. І ўсё ў яго будзе залежаць ад мяне, ад гаспадара.

Дзіўна, але я падчас заўважаю незвычайныя рэчы, калі бываюць са мною, чаго не было дагэтуль. Напрыклад, калі ўбачу карціну, дзе намаляваны сабака, то перш-наперш гляджу на яго акрас і на пародзістасць. Дае знаць пра сябе турбота: дадуць ці не дадуць пасведчанне?

Дзён колькі таму быў у музеі на мастацкай выстаўцы, і адразу ж кінулася ў вочы карціна Д.Бассано (XVI век) «Майсей здабывае ваду са скалы». Там на першым плане сабака — дакладны прататып лягавай пароды, з незвычайным, аднак, акрасам: тулава белае, пыса ж, раздзеленая белаю праточынаю, чорная, вушы чорныя, а нос белы, на левым плячы чорная пляма, задні кастрэц таксама чорны. Змучаны і худы, ён таксама п'е доўгачаканую ваду з чалавечай міскі.

Другі сабака, даўгашэрсты, таксама з чорнымі вушамі. Знясілены ад смагі, ён паклаў гаспадару на калені голаў і пакорліва чакае вады.

Побач — трус, певень, злева — два ягняці.

Што хацеў сказаць мастак, калі выставіў сабаку на пярэдні план? Бадай, ён хацеў сказаць, што людзі любілі сабак яшчэ спрадвеку, ніколі іх не пакідалі, нават у бядзе, нават на грані пагібелі народа, а сабакі заставаліся верныя і адданыя, гатовыя загінуць разам з чалавекам.

А за хвіліну да гэтага ва ўсіх быў адчай, ні ў кога не было ні кроплі надзеі. І яны гаварылі ў вочы Майсею, які выратаваў іх ад рабства:

«О, каб памерлі мы ад рукі госпада ў зямлі эгіпецкай, калі мы сядзелі ля катлоў з мясам, калі нам хапала хлеба ўволю! Бо вывеў ты нас у гэту пустыню, каб усіх, хто сабраўся, замарыць голадам».

Майсей з вялікаю горыччу зразумеў, як моцна авалодаў людзьмі дух рабства: уволю хлеба і катлы з мясам даражэй за волю. І вось ён здабыў ваду са скалы. І было на той час добра ўсім, хто ішоў за ім, і гэта адчуваецца ў карціне Бассано.