Читать «Белы Бім Чорнае вуха» онлайн - страница 2

Гавриил Николаевич Троепольский

А гаспадар быў часам і сумны. Тады ён гаварыў сам з сабою і да Біма.

— Гэтак вось і жывём, дурненькі. Ты чаго глядзіш на яе? — паказваў ён на партрэт. — Яна, браце, памерла. Няма яе. Няма… — Ён гладзіў Біма і зусім упэўнена гаварыў: — Дурненькі ты, мой Бімка. Нічога ты яшчэ не ведаеш.

Але не ўсё гэта было праўда, таму што Бім разумеў, што гуляць цяпер з ім не будуць, ды і словы «дурненькі» і «хлопчык», ведаў, гаварыліся да яго. Таму, калі яго вялікі сябар называў яго дурненькім ці хлопчыкам, Бім ішоў адразу ж, як на клічку. А калі ён пачаў разумець інтанацыю голасу, то меўся вырасці ў разумнага сабаку.

Але ці толькі розум вызначае становішча сабакі сярод сваіх братоў? На жаль, не. Акрамя розуму ў Біма не ўсё было так добра.

Праўда, нарадзіўся ён у пародзістых бацькоў, сетэраў, якія мелі вялікую радаслоўную. У кожнага яго прародзіча быў асабісты лісцік, пасведчанне. Па гэтай анкеце гаспадар мог бы дабрацца не толькі да прадзеда і прабабкі Біма, але і ведаць, захацеўшы, прадзедаў прадзеда і прабабчыну прабабку. Гэта ўсё, вядома, добра. Але справа такая, што Бім пры ўсіх сваіх вартасцях меў і вялікі недахоп, які потым даў знаць і ў многім вызначыў яго далейшы лёс: хоць ён быў з шатландскіх сетэраў (сетэр-гардон), але акрас аказаўся зусім нетыповы — вось у чым загваздка. Па стандарту паляўнічых сабак сетэр-гардон абавязкова павінен быць «чорны, з бліскучым сіняватым адсветам — колеру воранавага крыла — і абавязкова з вялікімі яркімі рыжавата-чырвонымі падпалінамі»; нават белыя значкі на нявызначаных стандартам мясцінах лічацца за вялікі недахоп у гардонаў. Бім жа вырадзіўся такі: тулава белае, але з рыжаватымі падпалінкамі і нават з ледзь прыкметным рыжым крапам, толькі адно вуха і адна нага чорныя, сапраўды, як воранава крыло; другое вуха мякенькага жаўтавата-рыжанькага колеру. Сама па сабе дзіўная з'ява: па ўсяму — сетэр-гардон, а акрас — ніякага падабенства. Нейкі далёкі продак напомніў пра сябе Бімам: бацькі — гардоны, а ён — альбінос пароды.

А наогул, з такою рознакаляровасцю вушэй і з падпалінкамі пад вялікімі разумнымі цёмна-карымі вачыма пыса Біма здавалася сімпатычней, адметней, магчыма, нават разумней, чым у звычайных сабак. І, паверце, усё гэта нават нельга было назваць пысаю, а лепей — тварам сабакі. Але па законах кіналогіі белы акрас у такім выпадку прыкмета, што выраджаецца парода. Як ні глянь — прыгажун, а па стандарту гарнітура зусім-зусім чужы, нават шкодны. Вось такая бяда была ў Біма.

Вядома, Бім не адчуваў ніякае віны, таму што прырода нікому не дазваляе выбіраць сабе бацькоў. Біму нават і думаць пра гэта не дадзена. Ён сабе жыў і пакуль што радаваўся.

Але гаспадар турбаваўся: выдадуць ці не на Біма радаслоўнае пасведчанне, якое зацвердзіць яго паўнапраўнасць між паляўнічых сабак, ці на ўсё жыццё ён застанецца чужаком. Вядома гэта будзе толькі ў шэсць месяцаў (зноў жа па законах кіналогіі), калі шчанюк стане падобны да таго, што называецца пародзістым сабакам.