Читать «Белы Бім Чорнае вуха» онлайн - страница 39

Гавриил Николаевич Троепольский

Бім уважліва глядзеў, як Шэры пакруціў у руках аброжак, пласкагубчыкамі зняў таблічку і прымацаваў яе на адну з дошак на аксаміце; тое самае зрабіў і з нумарком, а потым адзеў на Біма аброжак і сказаў:

— Ты — добры сабака.

Гэтак жа сама некалі гаварыў гаспадар, але цяпер Бім не паверыў. Ён выйшаў у прыхожую ля дзвярэй, гаворачы: «Выпускай! Мне няма тут чаго рабіць».

— Ужо выпусці, — сказала жанчына. — Чаго толькі сюды прыпёр яго? Зняў бы на вуліцы.

— Нельга было — падшыванцы прычапіліся. І цяпер нельга: убачаць яны яго — без таблічкі, — могуць давесці да ведама… Так што хай начуе да світання. Ляжаць! — загадаў ён Біму.

Бім лёг ля дзвярэй: нічога не зробіш! І зноў жа: трэба было яму завыць уголас, кідацца па кватэры, накінуцца на Шэрага, і ўсё! Выпусціў бы. Але Бім умее чакаць. Ды і стаміўся ён, знясілеў так, што нават ля чужых дзвярэй задрамаў на хвіліну, хоць і трывожным сном.

То была першая ноч, калі Бім не прыйшоў дадому, у сваю кватэру. Ён гэта адчуў, калі ачнуўся ад дрымоты, і не адразу зразумеў, дзе знаходзіцца. А калі змікіціў, засумаваў. Ён жа зноў сніў Івана Іванавіча; кожны раз, калі толькі засынаў, сніў яго, а прачынаўся і адчуваў цеплыню яго рук, знаёмых са шчанячага ўзросту. Дзе ён, мой харошы і добры сябар? Дзе? Нудота нязносная. Такая цяжкая адзінота, і нікуды не дзецца ад яе. А тут яшчэ Шэры чалавек храпе, як заяц пад хортам. І пахне ад усіх гэтых дошак мёртвымі сабакамі. Нудота. І Бім заскуголіў. Потым і забрахаў двойчы, таксама з лёгкім падвывам, так, як ганчак, калі дабірае заячы след па ўчарашняй жыроўцы. І нарэшце не вытрымаў — завыў працяжна.

«Ох-хо-хо-й! Ой-ой, лю-удзі-і, — плакаў ён. — Цяжка мне, ой цяжка без сябра. Адпусціце вы мяне, адпусціце шукаць яго. Ой-ой-ой, л-юдзі-і-і, ой!»

Шэры падхапіўся, уключыў святло і пачаў малаціць Біма палкаю і шыпець:

— Маўчы, маўчы, вырадак! Суседзі чуюць! На табе! На табе!

Бім адхіляўся ад удараў, інстынктыўна хаваючы галаву, і стагнаў, як чалавек: «Ох… Ах-х… Ах-хр-р… Ох…»

Але ліхі чалавек злаўчыўся і лупянуў-такі па галаве. Бім на некалькі секунд страціў прытомнасць, задрыгаў лапамі, але скора апамятаўся, адскочыў да дзвярэй, упёрся азадкам у куток і выскаліў зубы. Упершыню аскаліўся.

Шэры паплішчыўся ад Біма:

— Бач ты! Укусіць яшчэ, чорт… — І расчыніў дзверы.

Але Бім не верыў нават і таму, што дзверы сапраўды адчынены, не верыў і тады, калі Шэры загаварыў:

— Ідзі, ідзі, ідзі, Бім, гуляй! Ідзі, сабачка, ідзі.

Не верыў ён гэтаму лісліваму ласкаваму голасу, таму падлізванню пасля таго, як біў. О, падлізванне пасля таго, як б'юць, — новае Бімава адкрыццё ў жыцці. Цётка і Кірпаты — проста нядобрыя людзі. А вось гэты… гэтага Бім ужо ненавідзеў. Ненавідзеў! Бім пачынаў пераставаць верыць людзям. Менавіта так.

Бім выцягнуў шыю, выскаліў зубы і… пайшоў на Шэрага, ціха, але рашуча, паволі, але ўпэўнена. Шэры прыціснуўся да сцяны.

— Ты што? Ты што?

Жанчына ў начной сарочцы крычала на Шэрага:

— Далазіўся! Укусі-іць!

Бім убачыў, што страшны дзядзька перапужаўся, што ён яго панічна баіцца. Ад гэтага Бім упэўніўся ў сваёй рашучасці: скочыў, цімануў ворага, які хацеў вылузацца, за мяккае месца і выскачыў у расчыненыя дзверы. Бім бег і адчуваў у роце смак чалавечага мяса з азадка, які ён зненавідзеў усёю сваёй істотаю. Не, Бім не лічыў сябе няшчасным і вартым жалю, наадварот, зараз ён быў храбры, а храбрасць заўсёды заадно з гонарам і пачуццём сваёй вартасці — нават у тхара.