Читать «Белы Бім Чорнае вуха» онлайн - страница 37

Гавриил Николаевич Троепольский

— Паспрабуем уведаць, што ён умее рабіць.

Худзенькі сказаў:

— У цырку, каб скакалі, крычаць «Ап!».

Бім прыўстаў і ўважліва паглядзеў на хлопчыка, быццам пытаўся: «Цераз што — ап?!»

Дваіх узяліся за канцы папругі, а Толік скамандаваў:

— Бім, ап!

Бім лёгенька пераскочыў цераз наіўны бар'ер. Усе былі ў захапленні. Тоўсценькі загадаў выразна:

— Ляжаць!

Бім лёг (калі ласка, дзеля вас — з задавальненнем!).

— Сядзець, — папрасіў Толік. (Бім сеў.) — Падай! — І кінуў шапку.

Бім прынёс і шапку. Толік абняў яго ад захаплення, а Бім у сваю чаргу не застаўся вінен і лізнуў яго проста ў твар, у самую шчаку.

Вядома ж, Біму зрабілася куды лягчэй з гэтымі маленькімі чалавечкамі. Але вось тут-то і падышоў дзядзька, пакручваючы ў руках палачку, падышоў так ціха, што дзеці і не заўважылі яго, пакуль не запытаўся:

— Чый сабака?

На выгляд ён быў важны, пры шэрым вузкаполым капелюшы, пры шэрым банціку замест гальштука, у шэрым пінжаку, шэра-белых штанах, з кароткаю шэраю бародкаю, у акулярах. Ён, не зводзячы з Біма воч, паўтарыў:

— Дык чый жа сабачка, дзеці?

У два галасы адказалі Дарослы хлопчык і Толік.

— Нічый, — сказаў наіўна адзін.

— Мой, — насцярожана адказаў Толік. — На гэтую часіну мой.

Толік не раз бачыў Шэрага дзядзьку: ён паважна выгульваўся вакол парку ў адзіночку. Неяк раз вёў з сабою сабаку, які ўпіраўся і не хацеў ісці. А аднойчы падышоў да дзяцей і нудзіў ім, што і гуляць яны не ўмеюць так, як некалі, і ветлівасці тае няма, і выхоўваюць іх не так, як трэба, не так, як раней, і што за іх людзі ваявалі нават у грамадзянскую вайну, за вось гэтых, такіх, а яны нічога не паважаюць і нічога не ўмеюць, і што за ўсё гэта сорамна.

У той далёкі дзень, калі Шэры навучаў іх, Толіку было дзевяць год. Цяпер ужо дванаццаць. Але дзядзька не памятаў пра тое. Цяпер Толік сядзеў, абняўшы Біма, і сказаў: «Мой».

— Ну дык як жа: нічый ці яго? — запытаўся дзядзька да ўсіх, паказваючы на Толіка.