Читать «Белы Бім Чорнае вуха» онлайн - страница 28

Гавриил Николаевич Троепольский

Раніцою Сцяпанаўна прынесла кашу, паклала яе Біму ў місачку, але ён нават і не ўстаў. Так рабіў і сабака-павадыр — ён не падымаўся і тады, калі прыносілі ежу.

— Ты бачыш, які міласэрны, га? Гэта ж у голаў не ўзяць. Ну, ідзі пагуляй, Бім. — Яна адчыніла дзверы. — Ідзі пагуляй.

Бім падняў галаву, уважліва паглядзеў на старую. Слова «гуляць» яму знаёма, яно тое, што і воля, а «ідзі гуляць, ідзі» — поўная воля. О, Бім ведаў, што такое воля: рабі ўсё, што дазволіць гаспадар. Ну вось, яго няма, а гавораць: «Ідзі пагуляй». Дзе ж тая воля?

Сцяпанаўна не ўмела ладзіць з сабакамі, не ведала, што такія, як Бім, разумеюць чалавека і без слоў, а тыя словы, якія ім вядомы, абазначаюць многае і адпаведны кожнаму выпадку. Ад дабраты свае яна сказала:

— Не хочаш кашы, пайдзі пашукай чаго-небудзь. Ты ж і траўку любіш. На сметніку, мабыць, нешта выбераш (не ведала яна, што Бім пра памыйкі і не ведаў). Ідзі пашукай.

Бім устаў, нават страпянуўся. Што такое «шукай»? Чаго шукаць? «Шукаць» абазначае: шукай схаваны кавалачак сыру, шукай дзічыну, шукай згубленую або схаваную рэч. «Шукай» — гэта загад, што шукаць — Бім здагадваецца ў кожным выпадку. Што ж шукаць цяпер?

Усё гэта ён сказаў Сцяпанаўне вачыма, хвастом, пераборам лап па падлозе, але яна нічагусенькі не зразумела, а паўтарыла:

— Ідзі гуляць. Шукай!

І Бім кінуўся ў дзверы. Як маланка пранёсся па прыступках з другога паверха, выскачыў на двор. Шукаць, шукаць гаспадара! Вось што шукаць — больш няма чаго: так ён зразумеў. Вось тут стаялі насілкі. Так, стаялі. Тут ужо ледзь-ледзь пахнуць сляды людзей у белых халатах. След аўтамабіля. Бім зрабіў круг, увайшоў у яго (так зрабіў бы самы бесталковы сабака), але зноў той самы след. Ён павёў па ім, выйшаў на вуліцу і адразу ж згубіў яго каля вугла: там уся дарога пахла гэтакаю ж самаю гумаю. Чалавечых слядоў ёсць многа і розных, а машынныя зліліся ў адзін і ўсе аднолькавыя. Але той, патрэбны яму след, пайшоў з двара туды, за вугал, значыць, і трэба — туды.

Бім прабег па адной вуліцы, па другой, вярнуўся да дома, аббегаў мясціны, дзе яны гулялі з гаспадаром, — няма і знаку нідзе і ніякага… Аднаго разу ён убачыў шапку ў клеткі, дагнаў таго чалавека — не, не ён. Прыгледзеўшыся ўважлівей, прыкмеціў, што ў клетчатых шапках ідзе многа людзей. Адкуль было ведаць, што тае восені прадавалі шапкі толькі ў клетачку і яны падабаліся ўсім. Дагэтуль ён такога не прыкмячаў, таму што сабакі заўсёды глядзяць і запамінаюць ніз чалавечага адзення. Гэта ў іх яшчэ воўчае, ад прыроды, ад многіх стагоддзяў. Вось так і ліса, калі паляўнічы стаў за густы куст, які закрывае яго толькі да пояса, не заўважае чалавека, калі той не паварушыцца або вецер не нанясе паху. Так што Бім зразумеў гэта як нейкую ісціну: паверсе няма чаго шукаць, бо галовы могуць быць аднолькавыя, падабраныя колерам адна да аднае, падобныя.

Дзень выпаў ясны. На некаторых вуліцах лісце ляжала суцэльным покрывам, на некаторых — мясцінамі, так што, каб трапіўся хоць знак гаспадаровага следу, Бім улавіў бы яго. Але — нідзе нічога.