Читать «Белы Бім Чорнае вуха» онлайн - страница 30

Гавриил Николаевич Троепольский

Па горадзе ішоў адзінокі, сумны, занівошта пакрыўджаны сабака.

Выйшаў ён на бурлівую вуліцу. Людзей была цьма-цьмушчая, і ўсе спяшаліся, толькі зрэдку перакідаліся словамі, цяклі кудысь і цяклі бясконца. Быць не магло, каб не прыйшла Біму ў галаву такая думка: «А ці не пройдзе ён тут?» І без усякае логікі сеў у цяні, непадалёку ад веснічак, і пачаў пільнаваць, не прапускаючы ні аднаго чалавека. Па-першае, Бім заўважыў, што ўсе людзі, аказваецца, пахнуць аўтамабільным дымам, а ўжо цераз яго даходзяць другія пахі рознае сілы.

Вось ідзе чалавек, худы, высокі, у вялікіх стаптаных чаравіках, і нясе ў сетцы бульбу, гэтакую ж, як прыносіў дадому і гаспадар. Худы нясе бульбу і пахне тытунём. Крочыць скоранька, спяшае, быццам яго хтосьці даганяе. Але гэта толькі здалося — даганяюць некага ўсе. І ўсе нешта шукаюць, як на палявых спаборніцтвах, а інакш навошта бегчы па вуліцы, забягаць у дзверы, выбягаць і зноў бегчы?

— Прывітанне, Чорнае вуха! — кінуў худы на хаду.

«Прывітанне», — панура адказаў Бім, варухнуўшы па зямлі хвастом і не губляючы засяроджанасці, з якою пазіраў на людзей.

А вось за ім ідзе чалавек у камбінезоне, пахне гэтаксама, як і сцяна, калі яе лізнуць (мокрая сцяна). Ён амаль увесь шэра-белы. Нясе доўгую белую палку з бародкаю на канцы і цяжкую сумку.

— А ты чаго тут? — папытаўся ён у Біма, спыніўся. — Усеўся чакаць гаспадара ці згубіўся?

«Ага, чакаць», — адказаў Бім, патупаўшы пярэднімі лапамі.

— Тады на вось табе. — Ён выняў з сумкі кулёк, паклаў перад Бімам цукерку і пацерабіў за вуха. — Еш, еш. (Бім і не дакрануўся.) Дрэсірованы. Інтэлігент. З чужое талеркі есці не будзеш. — І пайшоў далей паволі, спакойненька, не так, як усе.

Як каму, а Біму гэты чалавек добры: ён ведае, што такое «чакаць», ён зразумеў Біма.

Таўсцерны-тоўсты, з тоўстаю палкаю ў руцэ, з тоўстымі чорнымі акулярамі на носе, нясе тоўстую папку: усё ў яго тоўстае. Пахне ён паперамі, па якіх гаспадар шаптаў палачкаю, і яшчэ, здаецца, тымі жоўтымі паперкамі, якія гаспадар клаў у кішэню. Ён спыніўся каля Біма і сказаў:

— Фух! Ну і ну! Дажыліся: сабакі на праспекце.

З варот паказаўся дворнік з мятлою і стаў ля Тоўстага. А той гаварыў да дворніка, паказваючы пальцам на Біма:

— Бачыш? На тваёй тэрыторыі нябось?

— Факт, бачу. — І абапёрся на мяцёлку, паставіўшы яе ўверх барадою.

— Бачыш… Нічога ты не бачыш, — сказаў злосна. — Нават цукерку не есь, заеўся. Як жа далей жыць?! — Ён злаваўся ваўсю.

— А ты не жыві, — сказаў дворнік і раўнадушна дадаў:— Бач ты, выхудаў, бедалага.

— Зневажаеш! — гыркнуў Тоўсты.

Спыніліся тры маладыя хлопцы і чамусьці ўсміхаліся, гледзячы на Тоўстага і на Біма.

— А вам чаго смешна? Чаго смешна? Я кажу яму… сабака! Тысячы сабак, па два-тры кіло мяса кожнаму — дзве-тры тоны ў дзень. Кумекаеце, колькі выходзіць?