Читать «Белы Бім Чорнае вуха» онлайн - страница 27

Гавриил Николаевич Троепольский

Доктар, стоячы ў дзвярах, сказаў:

— Ну і сабака! Што ж рабіць?

Тады Іван Іванавіч кіўком паклікаў Біма да сябе, пагладзіў па галаве, чуць павярнуўся да яго. А Бім прытуліўся да сябра плечуком і лізаў яго ў твар, у шыю, у рукі…

— Ідзіце сюды, — ціха прамовіў Іван Іванавіч, гледзячы на доктара.

Той падышоў.

— Дайце мне руку.

Той падаў.

— Дзень добры.

— Дзень добры, — сказаў доктар.

Бім ткнуўся носам у руку доктара, што абазначала на яго сабачай мове: «Што тут зробіш! Хай так і будзе: сябар майго таварыша — і мне сябар».

Прынеслі насілкі. Паклалі на іх Івана Іванавіча. Ён ціха сказаў:

— Сцяпанаўна… паглядзіце Біма, дарагая. Раніцаю выпускайце. Ён сам прыходзіць скора… Бім будзе чакаць мяне. — І да Біма: — Чакаць… Чакаць.

Бім ведаў слова «чакаць»: ля магазіна — «Сядзець, чакаць», ля рукзака на паляванні — «Сядзець, чакаць». Цяпер ён віскнуў, павіляў хвастом, што азначала: «О, мой верны сябар вернецца да мяне! Ён ідзе, але скора вернецца».

Зразумеў яго толькі адзін Іван Іванавіч, астатнія не зразумелі — гэта ён убачыў па іхніх вачах. Бім сеў ля насілак і паклаў на іх лапу. Іван Іванавіч паціснуў яе.

— Чакаць, хлопчык. Чакаць.

Вось такога Бім ніколі не бачыў у свайго сябра, каб вось так, як гарошыны, пакацілася з вачэй вада.

Калі насілкі вынеслі і пстрыкнуў замок, ён лёг ля дзвярэй, выцягнуў пярэднія лапы, а галаву паклаў на падлогу, вывернуўшы яе набок: так кладуцца сабакі, калі ім баліць або сумна; яны і паміраюць часцей за ўсё ў такой позе.

Але Бім не памёр ад суму, як той сабака-павадыр, які пражыў са сляпым многа-многа год. Той лёг ля магілы гаспадара, не ўзяў есці, хоць і прыносілі добрыя людзі, а на пяты дзень, калі ўзышло сонца, ён памёр. І гэта была не выдумка. Ведаючы пра незвычайную сабачую любоў і адданасць, рэдка які паляўнічы скажа пра сабаку: «здох», ён заўсёды скажа: «памёр».

Не, Бім не памёр, Біму сказана ясна: «Чакаць». Ён верыць — прыйдзе сябар. Да гэтага ж колькі разоў было: скажа «чакаць» — і абавязкова прыйдзе.

Чакаць! Вось цяпер сутнасць Бімавага жыцця.

Але так цяжка было аднаму тае ночы, так балюча! Нешта робіцца не так, як звычайна… Ад халатаў пахне бядою. І Бім занудзіў.

Апоўначы, калі ўзышоў месяц, стала нясцерпна. І пры гаспадары ён заўсёды турбаваў Біма, гэты месяц: у яго ёсць вочы, ён глядзіць гэтымі мёртвымі вачыма, свеціць мёртвым, халодным святлом, і Бім уцякаў ад яго ў цёмны куток. А цяпер аж дрыжыкі бяруць ад яго позірку, а гаспадара няма. І вось позняе ночы ён завыў, з падвывам, завыў, як перад нашэсцем бяды. Ён верыў, што нехта пачуе, а можа, і сам гаспадар пачуе.

Прыйшла Сцяпанаўна.

— Ну што ты, Бім? Што? Івана Іванавіча няма… Ой-ой-ой, дрэнна.

Бім не адказаў ні позіркам, ні хвастом. Ён толькі глядзеў на дзверы. Сцяпанаўна запаліла святло і пайшла. Са святлом стала лягчэй — месяц адплыў далей і стаў меншы. Бім прымасціўся пад самаю лямпачкаю, плячыма да месяца, але скора зноў лёг ля дзвярэй — чакаць.