Читать «Белы Бім Чорнае вуха» онлайн - страница 12

Гавриил Николаевич Троепольский

…Як яна была патрэбна мне! Яна таксама любіла пралескі. Мінулае, нібыта сон…

А ці не сон і цяперашняе? Ці не сон гэта, учарашні лес з блакітам на зямлі? Што ж: блакітныя сны — незямное гаючае лякарства, хоць і часовае. Вядома, часовае. Бо каб нават і пісьменнікі прапаведавалі толькі блакітныя сны, забываючы пра шэры колер, то чалавецтва перастала б клапаціцца пра будучыню, прыняло б цяперашняе за вечнае і ў будучым. Асуджанасць у часе і складаецца з таго, што цяперашняе павінна стаць толькі мінулым. Няма ў чалавека ўлады, каб загадаць: «Спыніся, сонца!» Час несупынны, нястрыманы і няўмольны. Усё — гэта час і рух. А той, хто шукае толькі вечна нязменнага блакітнага спакою, той ужо — мінулае, ці гэта малады і клапатлівы пра сябе ці састарэлы — гады не маюць значэння. Блакітнае мае свой голас, яно гучыць, як супакоенасць, забыццё, але толькі на часіну, каб толькі адпачыць; такія хвіліны нельга марнаваць.

Каб быў я пісьменнік, то я абавязкова сказаў бы так:

«О неспакойны Чалавек! За тое, што думаеш, пакутуеш дзеля будучыні, слава табе! Калі захочацца табе даць адпачынак душы, ідзі напрадвесні ў лес да пралесак, і ты ўбачыш цудоўны сон-яву. Ідзі хутчэй: праз некалькі дзён пралесак можа і не стаць, а ты не зможаш запомніць чароўнага відовішча, падараванага прыродаю. Ідзі, адпачні. Пралескі — на шчасце, гавораць людзі».

…А Бім храпе. І сніць: перабірае нагамі — бяжыць спрасонку. Яму пралескі як пятая нага: што блакітнае, тое бачыцца яму шэрым (такі ўжо бясколерны ў сабакі зрок). Прырода стварыла быццам ачарніцеля рэчаіснасці. Паспрабуй угавары яго, мілага сябра, каб ён паглядзеў вачыма чалавека. Хоць голаў яму адкруці, а будзе бачыць ён па-свойму. Зусім самастойны сабака.

Раздзел 3. Першы вораг Біма

Мінула лета, вясёлае Біму, радаснае, поўнае сяброўства з Іванам Іванавічам. Выхады на лугі і балоты (без стрэльбы), сонечныя дні, купанне, ціхія вечары на беразе рэчкі — што яшчэ патрэбна кожнаму сабаку? Нічога не трэба — гэта вядома.

На трэніроўках і настаўленні яны сустракаліся з паляўнічымі. З гэтымі знаёмства адбывалася адразу ж, таму што з кожным такім чалавекам быў сабака. Яшчэ да таго, як сыходзіліся гаспадары, сабакі беглі адзін да аднаго і коратка перагаворваліся сабачаю моваю рухаў і позіркаў:

«Ты хто: ён ці яна?» — пытаўся Бім, абнюхваў адпаведныя месцы (толькі для блізіру, вядома).

«Сам бачыш, чаго пытаешся», — адказвала яна.

«Як жывецца?» — весела пытаўся Бім.

«Працуем!» — віскнуўшы, адказвала субяседніца, гулліва падскочыўшы на ўсіх чатырох нагах.

Пасля гэтага яны курэлі да гаспадароў і то аднаму, то другому дакладвалі пра знаёмства. Калі абодва паляўнічыя садзіліся ў цень пад кусты ці дрэва, каб пагаварыць, сабакі нагульваліся так, што язык не ўлазіў у рот. Тады яны клаліся каля гаспадароў і слухалі ціхую шчырую гаворку.