Читать «Белы Бім Чорнае вуха» онлайн - страница 14

Гавриил Николаевич Троепольский

Каб толькі ведаў ён, які горкі лёс звядзе Біма і Кудлатку, каб ведаў, дзе і калі сустрэнуцца яны, не ішоў бы цяпер так спакойна. Але будучыня невядома і чалавеку.

…Мінула трэцяе лета. Добрае Біму лета, нядрэннае і Івану Іванавічу. Аднае ночы гаспадар зачыніў акно і сказаў:

— Марозік, Бімка, першы марозік.

Бім не зразумеў. Ён устаў і тыцнуўся носам у калена Івану Іванавічу, быццам сказаў: «Не разумею».

Іван Іванавіч ведаў сабачую мову добра — мову вачэй і рухаў. Ён запаліў святло і спытаў:

— Не разумееш, дурненькі? — Потым растлумачыў дакладна: — На слонак заўтра. Слонка.

Во, гэта слова Бім ведаў! Ён падскочыў і ўсё-такі лізнуў свайго гаспадара ў падбародак.

— На паляванне заўтра, на паляванне, Бім!

Куды там! Бім закруціўся, як юла, ловячы свой хвост, віскнуў, потым сеў і ўпіўся вачыма ў твар Івана Іванавіча, уздрыгваючы ачосамі пярэдніх лап. Гэта чаруючае слова «паляванне» вядома Біму як сігнал на шчасце.

Але гаспадар загадаў:

— А пакуль што спаць. — Выключыў святло і лёг.

Да канца ночы Бім пралежаў ля ложка сябра. Які там сон! Ён і сам, Іван Іванавіч, то драмаў, то прачынаўся ў чаканні світання.

Раніцаю яны разам склалі рукзак, выцерлі ад масла ствалы стрэльбы, крыху пад'елі (на паляванне ісці нельга наеўшыся), праверылі патранташ, перакладваючы набоі з гнязда ў гняздо. Работы было многа на гэты кароткі час збораў: гаспадар на кухню — Бім на кухню, гаспадар у кладоўку — Бім туды, гаспадар вымае кансерву з рукзака (нядобра легла) — Бім бярэ яе і пхае назад, гаспадар правярае патроны — Бім сочыць (каб не памыліўся); і ў футарал ад стрэльбы трэба не раз тыцнуцца носам (ці тут?); а тут якраз свярбіць за вухам ад хвалявання — толькі і ведай, што падымай лапу і чухай, прападзі яно пропадам, калі без таго клопату — не прадыхнуць.

Ну, сабраліся. Бім быў у захапленні. Як жа! На гаспадару паляўнічая куртка, закінута за плечы паляўнічая сумка, знята стрэльба.

— На паляванне, Бім! На паляванне, — паўтарыў ён.

«На паляванне, на паляванне!» — гаварылі Бімавы вочы ад захаплення. Ён нават павіскваў, перапоўнены ўдзячнасцю і любоўю да свайго адзінага на свеце сябра.

У гэты момант і ўвайшоў чалавек. Бім ведаў яго — сустракаў на дварэ, — але лічыў нецікавым, які не заслугоўвае асаблівае ўвагі. Каратканогі, тоўсты, шыракаплечы, шыракатвары, ён сказаў чуць скрыпучым баском:

— Значыцца, прывітанне! — І сеў на крэсла, выціраючы твар хусцінкаю. — Та-ак… На паляванне, значыцца?

— На паляванне, — незадаволена буркнуў Іван Іванавіч, — на слонак. Ды вы заходзьце — будзеце госцем.

— Вось та-ак… на паляванне… Давядзецца адкласці, значыцца.

Бім перавёў позірк з гаспадара на госця, здзіўлена і ўважліва. Іван Іванавіч сказаў амаль сярдзіта:

— Я не разумею. Растлумачце.

І тут Бім, наш ласкавы Бім, спачатку чуць загырчаў і неспадзеўкі гаўкнуў. Зроду такога не здаралася, каб дома — і на госця. Госць не спалохаўся, яму, здавалася, было ўсё роўна.

— На месца! — гэтак жа сярдзіта загадаў Іван Іванавіч.