Читать «Белы Бім Чорнае вуха» онлайн - страница 13

Гавриил Николаевич Троепольский

Астатнія людзі, акрамя паляўнічых, мала цікавілі Біма: людзі, і ўсё там. Усе яны добрыя. Але ж не паляўнічыя!

А вось сабакі, гэтыя — розныя.

Аднойчы на лузе спаткаўся ён з кудлаценькім сабачкам, удвая меншым за яго, чорненькім такім. Павіталіся халаднавата, без гуллівасці. Ды якія там смешачкі, калі новенькі на звычайны ў такіх выпадках кодэкс пытанняў адказваў, ляніва махаючы хвастом.

«Я есці хачу».

Пахла ў яго з рота мышанём. І Бім спытаўся здзіўлена, абнюхаўшы яго губы:

«Ты з'еў мыш?»

«З'еў мыш, — адказаў той. — Я хачу есці». — І ўзяўся грызці белы вузлаваты корань чароту.

Бім хацеў таксама паспытаць чаротавага кораня, але Кудлатка запратэставаў, сказаў усё тое ж:

«Я есці хачу».

Бім пасядзеў, пачакаў, пакуль ён дагрыз усё, і запрасіў яго з сабою. Той пайшоў без пярэчанняў, патрухваючыся ўслед, ускудлачаны, але чысты: відаць, любіў купацца, як і большасць сабак, таму летам яны і не бываюць гразныя, нават валацугі. Бім прывёў яго да гаспадара, які здалёку сачыў за знаёмствам свайго сябра. Але Кудлатка не паверыў адразу чужому чалавеку, сеў наводдаль, не гледзячы на тое, што Бім увесь час бегаў ад гаспадара да яго і назад, клікаў, пераконваў. Іван Іванавіч зняў рукзак, дастаў адтуль каўбасу, адрэзаў маленькі кавалачак і кінуў Кудлатку:

— Ідзі ка мне, Кудлатка. Ідзі.

Кавалачак упаў за тры метры ад яго. Ён, асцярожна пераступаючы, дастаў да яго, з'еў адразу. Па другі кавалачак падышоў бліжэй. А пасля сеў ля самых ног чалавека, нават даўся пагладзіць сябе, хоць і з аглядкаю. Бім і Іван Іванавіч аддалі яму ўсё кольца каўбасы: гаспадар кідаў кавалачкі, а Бім не замінаў Кудлатку есці. Усё не новае: кінь кавалачак — падыдзе бліжэй, кінь другі — яшчэ бліжэй, разам з трэцім, чацвёртым — будзе ля самых ног і стане служыць вераю і праўдаю. Так думаў Іван Іванавіч. Ён абмацаў Кудлатку, паляпаў па загрыўку і сказаў:

— Нос халодны — здаровы. Гэта добра. — І загадаў абодвум: — Пайшлі, пайшлі!

Кудлатка не разумеў такіх слоў, але калі ўбачыў, як Бім заснаваў чаўнаком па траве, скеміў: трэба бегаць. І, вядома, яны загулялі зусім па-сабачы, так, што Бім нават забыўся, чаго ён тут. Іван Іванавіч не пярэчыў, а ішоў сабе, пасвістваў.

Да горада Кудлатка правёў без усяго, але на ўскраіне нечакана сеў збоч дарогі — і ні з месца. Клікалі, запрашалі — не ідзе. Так і застаўся сядзець, праводзіў іх вачыма. Памыліўся Іван Іванавіч — не кожнага сабаку можна купіць за хлеб.

Бім не ведаў і не мог ведаць, што ў Кудлаткі таксама былі гаспадары, што жылі яны ў сваім маленькім доміку, што тую вуліцу, дзе быў дамок, знеслі, а гаспадарам Кудлаткі далі кватэру на пятым паверсе, з выгодамі.

Адным словам, кінулі Кудлатку на волю бога. Але ён знайшоў і новы дом, і дзверы гаспадара, а там яго набілі і прагналі. Вось і жыве ён адзін. Ходзіць па горадзе толькі ноччу, як і многія бяздомныя сабакі. Іван Іванавіч дагадаўся пра ўсё, але расказаць Біму немагчыма. Бім проста не хацеў пакідаць яго: азіраўся, прыпыняўся і пазіраў на Івана Іванавіча. А той ішоў сабе.