Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 99

Валер Булгакаў

Такім чынам, апазыцыя ня здолела пераняць ініцыятыву ці справакаваць уладу на такія дзеяньні, якія змаглі б выклікаць масавую незадаволенасьць, а ейны ўплыў на грамадзтва аказаўся абмежаваным.

Узаемадзеяньне паміж уладай і апазыцыяй

Першыя захады што да вызначэньня магчымых шляхоў для ўзаемапаразуменьня паміж уладай і апазыцыяй былі зробленыя ўвесну 1997 г. Не адмаўляючыся ад перамовінаў, улада ўсяляк зацягвала падрыхтоўку і ўсяляк дэманстравала сваю незацікаўленасьць у іх. Прадстаўнікі прэзыдэнцкага боку адмовіліся весьці перамовы з дэлегацыяй апазыцыі ў складзе дэпутатаў ВС Г. Карпенкі, М. Грыба і П. Краўчанкі. Сесьці за стол перамовінаў з дэлегацыяй, складзенай толькі з чальцоў прэзыдыюму распушчанага парлямэнту, азначала прызнаць яго законнасьць. Прэзыдэнт Лукашэнка заявіў, што будзе весьці размову толькі з усімі партыямі адразу, у тым ліку і тымі, што яго падтрымліваюць. БНФ, АГП і БСДП (НГ) прапанавалі ўсім астатнім партыям падпісаць заяву аб дэлегаваньні правоў на вядзеньне перамоваў дэпутатам ВС. У рэшце рэшт выйсьце знайшла дэлегацыя Эўразьвязу: на ейную прапанову было вырашана далучыць да перамовінаў прадстаўнікоў усіх фракцыяў ВС. Пры гэтым дэпутаты адмовіліся падпісваць якія-колечы дакумэнты, у якіх не пазначаны іх дэпутацкі статус. Праграмнай базай для апазыцыі на перамовах была Канстытуцыя 1994 г. і зафіксаваныя ў ёй разьмежаваньні паўнамоцтваў галінаў улады. Канкрэтным патрабаваньнем быў роспуск Палаты прадстаўнікоў і правядзеньне новых выбараў. Прэзыдэнт Лукашэнка, з свайго боку, прадстаўляў перамовы як шараговую кансультацыю з групай грамадзянаў, якая не ўскладае на ўладу ніякіх абавязкаў. Аб прызнаньні правамоцтваў ВС сур’ёзных размоваў не вялося, таму ні па прызначэньні новых выбараў, ні, тым больш, па зьмене Канстытуцыі ніякіх дамоўленасьцяў дасягнута не было. Кампраміс аказаўся непатрэбным абодвум баком перамовінаў: апазыцыя спадзявалася на выгадныя для сябе зьмены становішча ўнутры краіны, а прэзыдэнт Лукашэнка — на зьмену стаўленьня да Беларусі за мяжой. У выніку большую карысьць ад перамовінаў атрымаў А. Лукашэнка, які быў зацікаўлены ў тым, каб улагодзіць удзельнікаў паседжаньня ПА АБСЭ 3—5 ліпеня 1997 г. калі ня вынікамі, то хаця б самім фактам перамовінаў з апазыцыяй.

Паступова перамовы ўлады і апазыцыі пры пасярэдніцтве міжнародных структураў ператварыліся ў перамовы ўлады і міжнароднай супольнасьці пры пасярэдніцтве апазыцыі. З мэтай падрыхтоўкі да паўнавартых выбараў новага складу парлямэнту і новага прэзыдэнта НВК прапанаваў 24 лістапада 1998 г. пачаць перамовіны паміж прэзыдэнтам і ВС 13 скліканьня пры пасярэдніцтве эўрапейскіх структураў. У заяве былі пералічаныя наступныя ўмовы правядзеньня свабодных дэмакратычных выбараў: фармаваньне дэмакратычным шляхам Цэнтральнай выбарчай камісіі; забесьпячэньне прадстаўнікам усіх рухаў, партыяў ды іншых арганізацыяў доступу да дзяржаўных СМІ; спыненьне перасьледаў грамадзянаў па палітычных матывах і вызваленьне ўсіх палітычных вязьняў. Патрабаваньні гэтыя не былі задаволеныя ні пры выбарах у мясцовыя Саветы 1999 г., ні пры выбарах у ПП НС 2000 г., што стала прычынай байкатаваньня апазыцыяй гэтых выбараў.