Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 97

Валер Булгакаў

Каардынацыя дзеяньняў апазыцыі

Апазыцыйныя сілы спрабавалі аб’ядноўваць свае намаганьні яшчэ ўвесну 1996 г., калі колькасьць людзей, якія выходзілі на зарганізаваныя апазыцыйнымі партыямі мітынгі, зьдзіўляла саміх арганізатараў. Пасьля аднаго зь першых такіх мітынгаў, прысьвечанага двухгодзьдзю прыняцьця Канстытуцыі, 14 палітычных партыяў і 5 грамадзкіх аб’яднаньняў утварылі «Рух у падтрымку Канстытуцыі», мэтай якога было аб’яднаньне намаганьняў грамадзкасьці дзеля забесьпячэньня ў краіне вяршэнства права і выкананьня пастановаў Канстытуцыйнага Суду. Працягам гэтае ініцыятывы стаў «Круглы стол». 25 ліпеня 1996 да «Круглага стала» далучылася 12 партыяў, рухаў і прафсаюзаў, 28 жніўня — 14, а ў другую дэкаду кастрычніка — 21[в]. Прадстаўнікі «Круглага стала» намагаліся выступіць арбітрамі ў канфлікце паміж выканаўчай і заканадаўчай галінамі ўлады. Імі была выказана ініцыятыва імпічмэнту прэзыдэнта і падрыхтаваны Нацыянальны кангрэс «У абарону Канстытуцыі, супраць дыктатуры», што адбыўся 18-19 кастрычніка 1996 году і атрымаў назоў І Кангрэсу дэмакратычных сілаў.

У хуткім часе пасьля рэфэрэндуму была ўтворана Кансультацыйная рада дэмакратычных сілаў Беларусі. Другім цэнтрам каардынацыі апазыцыйных сілаў стала Нацыянальная эканамічная рада, утвораная Вярхоўным Саветам 13 скліканьня і рэарганізаваная ў кастрычніку 1997 г. у Нацыянальны выканаўчы камітэт. Увесну 1998 г. беларуская апазыцыя фактычна мела два каардынацыйныя цэнтры. У НВК дамінавала АГП, а ў Кансультацыйнай радзе — БНФ.

Новай зьявай для беларускай палітыкі стаў рух Хартыя’97, задуманы паводле аналёгіі з чэскай Хартыяй’77, які аб’яднаў грамадзянаў самых розных палітычных паглядаў у іх супрацьстаяньні з аўтарытарнай сыстэмай. Хартыя’97 падтрымлівала Вярхоўны Савет, выступала з патрабаваннем адстаўкі прэзыдэнта, фармаваньня кааліцыйнага ўраду, правядзеньня дэмакратычных выбараў. Адной з формаў дзейнасьці Хартыі’97 сталі масавыя акцыі. Але хаця Хартыя прэтэндавала на маніфэстацыю і мабілізацыю дэмакратычна настроенага грамадзтва ў Беларусі, рэальна ёй удалося заручыцца падтрымкай толькі расійскамоўных беларусаў. Пры гэтым нельга адмаўляць ролю гэтай арганізацыі ў правядзеньні ІІ Кангрэсу дэмакратычных сілаў, на якім была прынятая пастанова аб стварэньні Каардынацыйнай рады дэмакратычных сілаў Беларусі.

На ІІ Кангрэсе дэмакратычных сілаў, што адбыўся 29—30 студзеня 1999 г., меркавалася прыняць дакумэнт аб кансалідацыі дэмсілаў і выпрацаваць адзіную пазыцыю ў дачыненьні выбараў, якія, паводле Канстытуцыі 1994 г., былі прызначаны ВС на 16 траўня 1999 г. Хаця, паводле словаў аднаго зь лідэраў БНФ Лявона Баршчэўскага, апазыцыя і пераходзіла «ў стан нацыянальна-вызваленчага руху», узгодненай пазыцыі па падрыхтоўцы да выбараў выпрацавана не было. Былі прынятыя рэзалюцыі аб пагрозе дзяржаўнасьці, няўдзеле ў выбарах у мясцовыя саветы, аб асуджэньні палітыкі прэзыдэнта, аб дыскрымінацыі беларускае мовы. Пры гэтым рэзалюцыя аб кансалідацыі дэмакратычных сілаў Беларусі прынята не была. Дзеля выкананьня пастановаў ІІ Кангрэсу дэмакратычных сілаў меркавалася ўтварыць стала дзейны орган — Каардынацыйна-кансультацыйную раду (ККР). На ініцыятыву БНФ каардынацыйныя функцыі было вырашана пакінуць за створанай яшчэ ў 1997 г. Кансультацыйнай радай, чальцамі якой былі БНФ, АГП, БСДП (НГ), Беларуская партыя працы, Аграрная партыя і Партыя камуністаў (беларуская). Тым ня менш, пытаньне аб ККР не было разьвязанае цалкам. Дзеля ўтварэньня гэтае структуры ўдзельнікі Кангрэсу пастанавілі правесьці дадатковыя перамовы.