Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 98

Валер Булгакаў

На ІІ Кангрэсе дэмакратычных сілаў быў агучаны намер апазыцыі ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах, што, паводле Канстытуцыі 1994 г., мелі адбыцца ў 1999 г. Насуперак чаканьням апазыцыі выбары не пацягнулі за сабой дадатных зрухаў. Паколькі А. Лукашэнка адмовіўся ад іх правядзеньня, апазыцыі давялося рыхтаваць іх самастойна. Рэагуючы на перадвыбарныя прыгатаваньні, якія распачаў Вярхоўны Савет, Міністэрства юстыцыі заявіла, што пастанова ВС ад 10 студзеня 1999 г. аб правядзеньні выбараў і стварэньні Цэнтравыбаркаму незаконная. Супраць старшыні камісіі В. Ганчара была ўзбуджана крымінальная справа па артыкуле «Самавольнае прысваеньне званьня ці ўлады службовай асобы». Кандыдат у прэзыдэнты М. Чыгір быў арыштаваны. Празь немагчымасьць арганізаваць выбары належным чынам галасаваньне праводзілася мэтадам абыходу кватэраў выбарцаў. Пры гэтым, па дадзеных ЦВК і праваабарончага цэнтру «Вясна-96», за дзесяць дзён выбарчай кампаніі звыш 350 чалавек былі затрыманыя, дзесяць актывістаў асуджаны на тэрмін ад 3 да 10 сутак арышту, пяцёра атрымалі папярэджаньні, два аштрафаваныя. Напярэдадні галасаваньня адзін з кандыдатаў, лідэр БНФ З. Пазьняк, адмовіўся ад удзелу ў выбарах і заклікаў сябраў БНФ спыніць работу ў выбарчых камісіях. Пасьля гэтага ЦВК на чале з Ганчаром сфальсыфікаваў вынікі выбараў. 19 траўня на прэс-канфэрэнцыі старшыня ЦВК В. Ганчар сьпярша абвясьціў, што ў выбарах удзельнічалі 53,2% выбарцаў, але пасьля прызнаў іх несапраўднымі з-за парушэньняў, дапушчаных падчас галасаваньня. Зьвесткі аб тым, колькі галасоў набраў кожны з кандыдатаў, абвешчаны не былі.

20 ліпеня, калі паводле Канстытуцыі 1994 г. скончыўся тэрмін паўнамоцтваў прэзыдэнта Лукашэнкі, апазыцыйныя сілы таксама ня здолелі ўзяць сытуацыю пад кантроль. Яшчэ на ІІ Кангрэсе дэмакратычных сілаў у прысутнасьці дыпляматаў судзьдзя КС першага складу М. Пастухоў выступіў з спавешчаньнем, у якім было сказана, што пасьля 20 ліпеня 1999 г. паўнамоцтвы кіраўніка выканаўчай улады пераходзяць да Старшыні Вярхоўнага Савету С. Шарэцкага. Тым ня менш, 21 ліпеня С. Шарэцкі замест таго, каб выдаць адпаведны ўказ, прапанаваў прыняць гэтую пастанову дэпутатам, якія, у сваю чаргу, стварылі мандатную камісію і, захапіўшыся пытаньнем кворуму, ніякай пастановы не прынялі. Акцыя масавай падтрымкі дэпутатаў ВС была таксама правалена: дзеля нядбайнасьці арганізатараў замест заплянаваных 100 тысячаў да месца паседжаньня ВС прыйшло ўсяго 3 тысячы чалавек.