Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн

Валер Булгакаў

Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.

Зборнік аналітычных артыкулаў

Разьдзел 1

Палітычная сыстэма Беларусі з 1990 па 1996 год

За Рэспублікай Беларусяй трывала замацаваўся статус дзяржавы, якая найбольш захавала элемэнты камуністычнай сыстэмы часоў СССР. Тым ня менш, пры аналізе дынамікі беларускай палітычнай сыстэмы становіцца відавочнай уласная спэцыфіка постсавецкай мадэлі разьвіцьця беларускага грамадзтва. Новая палітычная сыстэма Беларусі дэманструе ня столькі захаванасьць старых палітычных інстытутаў, колькі пераемнасьць асноўных прынцыпаў ажыцьцяўленьня ўлады ў Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы і ў цяперашняй, незалежнай Рэспубліцы Беларусі.

Ацэнка пэрыяду паміж 1990 годам, годам абвяшчэньня незалежнасьці, і 1996, годам інстытуцыйнага, канчатковага афармленьня аўтарытарнай беларускай мадэлі, як пэрыяду страчаных магчымасьцяў, напэўна, не зусім слушная. Беларусь, праз шэраг спэцыфічных гістарычна-культурных чыньнікаў, на момант краху СССР знаходзілася на ніжшым узроўні разьвіцьця як нацыянальнай, так і грамадзянскай самасьвядомасьці.

Дасьледаваньне дынамікі беларускай палітычнай сыстэмы, безумоўна, цесна зьвязана з дасьледаваньнем яе падмуркаў, сфармаваных у савецкі пэрыяд беларускай гісторыі. Аднак дасьледаваньне падмуркаў беларускай мадэлі мяккага аўтарытарызму нельга абмяжоўваць савецкім пэрыядам. Істотныя адрозьненьні цяперашняга беларускага шляху ад астатніх постсавецкіх дзяржаваў эўрапейскай часткі СССР патрабуюць уліку глыбшых гістарычных і культурных чыньнікаў. У значнай ступені гістарычна-культурныя прычыны паспрыялі няўдачы беларускага грамадзтва на шляху дэмакратызацыі пасьля распаду СССР.

Беларускі рэжым, які канчаткова ўсталяваўся ў 1996 годзе, пасьля разгону Вярхоўнага Савету 13 скліканьня і фальсыфікацыі вынікаў рэфэрэндуму, мае даўгую перадгісторыю. Умовы стварэньня беларускага палітычнага гібрыду, закладзеныя ў савецкі, і, больш канкрэтна, позьнесавецкі пэрыяд, узаемадзейнічалі з спэцыфічнымі чыньнікамі гістарычна-культурнай дынамікі беларускай нацыі. Мэтай гэтай разьдзелу ёсьць аналіз уплыву гістарычна-культурных чыньнікаў, якія вызначылі часовую перамогу антыдэмакратычных тэндэнцыяў у разьвіцьці беларускай палітычнай сыстэмы.

РАЗЬВІЦЬЦЁ НАЦЫЯНАЛЬНА-ДЭМАКРАТЫЧНАГА РУХУ І ПАЗЫЦЫІ САВЕЦКАЙ ЭЛІТЫ ВОНКАВЫЯ СТЫМУЛЫ ДЭМАКРАТЫЗАЦЫІ Ў БЕЛАРУСІ

Разгляд дынамікі беларускай палітычнай сыстэмы скіроўвае нас да вонкавапалітычнага кантэксту: усталяваньня незалежнай беларускай дзяржаўнасьці, палітычнай дынамікі ў Савецкім Саюзе напярэдадні распаду і пасьля, у постсацыялістычным абкружэньні Беларусі.

Набыцьцё незалежнасьці, спроба дэмакратычных і рынкавых пераўтварэньняў, адраджэньне этнанацыянальных падставаў беларускай культуры так ці йначай скіроўваюць нас да працэсаў распаду Савецкага Саюзу.

Дасьледнікі постсавецкай беларускай гісторыі адзначаюць істотны момант, які сур’ёзна адрозьнівае Беларусь ад іншых савецкіх рэспублік эўрапейскай часткі СССР. Яна займала асаблівае становішча. Гэта была рэспубліка, у якой адносны эканамічны дабрабыт у параўнаньні зь іншымі дапаўняўся высокай ступеньню русіфікацыі і дээтнізаванай сьвядомасьцю значнай часткі інтэлектуальнай эліты. У Беларусі панавала свая асаблівая, савецкая міталёгія, заснаваная на савецкай гістарыяграфіі другой сусьветнай вайны. І ў пляне самасьвядомасьці, і ў пляне эканамічнага дабрабыту ў сацыялістычнай Беларусі выходныя ўмовы антыкамуністычных, дэмакратычных пераўтварэньняў былі значна ніжэйшыя за суседнія краіны.