Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 101

Валер Булгакаў

Нягледзячы на папярэджаньне ад генпракурора, 10 студзеня 1999 г. адбылося паседжаньне ВС, на якім прысутнічалі 44 дэпутаты. 42 зь іх ухвалілі распрацаваную працоўнай групай пастанову. Было вырашана, што першы тур прэзыдэнцкіх выбараў адбудзецца 16 траўня 1999 году, а з 1 сакавіка пачнецца рэгістрацыя ініцыятыўных групаў кандыдатаў. У складзе 19 чалавек была зацьвержаная Цэнтральная выбарчая камісія па выбарах прэзыдэнта пад кіраўніцтвам В. Ганчара. У яе склад увайшлі прадстаўнікі БНФ, АГП, Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Грамады, Беларускай асацыяцыі журналістаў, а таксама прафэсійных саюзаў.

13 студзеня адбылася падзея, якая, магчыма, таксама паўплывала на правядзеньне альтэрнатыўных прэзыдэнцкіх выбараў. У гэты дзень суд адмовіў у вызваленьні пад падпіску аб нявыезьдзе 75-гадоваму старшыню калгасу «Расьсьвет» Васілю Старавойтаву. Гэтая крымінальная справа была беспасярэдне «замоўленая» Лукашэнкам для таго, каб запалохаць дырэктарскі корпус — прадстаўнікоў прамыслова-эканамічнай эліты. Гэтай пастановай суду ўлады далі зразумець: зьмены палітычнага курсу ў краіне ня будзе, як ня будзе і недатыкальных, нягледзячы на ўзрост, стан здароўя, нацыянальную або інтэрнацыянальную вядомасьць.

15 студзеня Цэнтравыбаркам паінфармаваў СМІ, мясцовыя органы ўлады, міністэрствы аб часе і месцы свайго першага паседжаньня. Афіцыйныя структуры і іх прадстаўнікі на гэтае паведамленьне не адгукнуліся. Яны і ў далейшым не рызыкавалі мець стасункі з Ганчаровым Цэнтравыбаркамам, таму што гэта азначала як мінімум звальненьне з працы, а як максымум — прыцягненьне да адміністрацыйнай ці нават крымінальнай адказнасьці.

Цэнтравыбаркам быў вымушаны працаваць у паўпадпольлі, што само сабой стварала значныя перашкоды для эфэктыўнага правядзеньня такой вялікай палітычнай акцыі, як прэзыдэнцкія выбары. Ня здолеў ён здабыць і сталага памяшканьня: Міжнародны адукацыйны цэнтар, у якім было прызначанае першае паседжаньне Цэнтравыбаркаму, на наступны дзень пасьля ўкладаньня дамовы скасаваў яе.

16 студзеня на першым паседжаньні Цэнтрвыбаркаму быў зацьверджаны плян захадаў для правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў. Было пастаноўлена, што за 70 дзён да даты выбараў пачнецца збор подпісаў за вылучэньне кандыдатаў у прэзыдэнты. На працягу аднаго месяца ініцыяўныя групы кожнага прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта павінны сабраць ня менш за 100 тысяч подпісаў. Потым сабраныя подпісы неабходна перадаць у Цэнтравыбаркам, які пачне рэгістрацыю кандыдатаў. А з 6 красавіка павінна распачацца агітацыйная кампанія. Была таксама прынятая пастанова на працягу месяца сфармаваць рэгіянальныя выбарчыя камісіі, а з 1 красавіка пачаць фармаваньне ўчастковых камісіяў.