Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 96

Валер Булгакаў

Сярод незалежных прафсаюзаў найбольшую вядомасьць атрымаў Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП), які аб’ядноўвае пяць прафсаюзаў: Беларускі незалежны прафсаюз, Свабодны прафсаюз Беларусі, прафсаюз пэдагогаў «Прызваньне», Дэмакратычны прафсаюз транспартнікаў і Свабодны прафсаюз мэталістаў. Паўстаўшы пад уплывам замежных прафсаюзных арганізацыяў, такіх як «Салідарнасьць» і Міжнародная канфэдэрацыя свабодных прафсаюзаў, Кангрэс з самага пачатку адстойваў эканамічныя рэформы і дэмакратычныя вартасьці. Дзякуючы сваёй палітычнай заангажаванасьці БКДП не заўжды ўдавалася ўдзельнічаць у падпісаньні Тарыфнага пагадненьня. Пасьля страйку на менскім мэтрапалітэне дзейнасьць заснавальніка БКДП Свабоднага прафсаюзу Беларусі была прыпыненая прэзыдэнцкім указам. На 1997 г. колькасьць БКДП складала каля 30 тысячаў чалавек.

Грамадзкія арганізацыі

Пры ўсёй сваёй непадкантрольнасьці прэзыдэнт залежыць ад электаральных паводзінаў беларускага грамадзтва, і тым самым — ад суб’ектаў уплыву на грамадзкую думку. Захаваньне ўлады вымагае па магчымасьці поўнага кантролю над СМІ і перасьледу любых значных грамадзкіх ініцыятываў. У сваю чаргу, уціск на недзяржаўныя грамадзкія арганізацыі прывёў да паляпшэньня каардынацыі іх дзейнасьці. 22 лютага 1997 г. была ўтворана Асамблея дэмакратычных няўрадавых арганізацыяў, да якой адразу ж далучыліся больш за 250 грамадзкіх аб’яднаньняў. Найважнейшымі з мэтаў дзейнасьці Асамблеі сталі калектыўная самаабарона арганізацыяў, інфармацыйны абмен у межах краіны, а таксама з замежнымі няўрадавымі арганізацыямі, рэсурсная падтрымка. Структурызацыя Асамблеі была скіраваная на ўсталяваньне сувязяў з шырокімі слаямі беларускага грамадзтва і нарошчваньня мабілізацыйнага патэнцыялу беларускага дэмакратычнага руху «дзеля пераходу ад палітыкі выжываньня да палітыкі экспансіі грамадзянскае супольнасьці ў Беларусі» [б]. 14 лістапада 1998 г., падчас правядзеньня другой Асамблеі, было абвешчана, што ў Беларусі налічваецца 2,5 тыс. няўрадавых арганізацыяў, зь іх 520 грамадзкіх аб’яднаньняў, 2/3 зь якіх дзейнічае ў рэгіёнах, далучыліся да Асамблеі.