Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 95

Валер Булгакаў

Увесну 1997 г. партыі перагледзелі тактыку сваёй дзейнасьці. БНФ, які і да рэфэрэндуму ня меў уласнага прадстаўніцтва ў Вярхоўным Савеце, адносна лёгка перанёс зьнікненьне ў Беларусі легітымнага парлямэнту. На чарговым сойме 12 красавіка 1997 г. БНФ канстатаваў, што ўладу А. Лукашэнкі не прызнае і ў далейшай дзейнасьці будзе аддаваць перавагу акцыям пратэсту. Лібэралы з АГП скіравалі свае намаганьні ў квазіпарлямэнцкае рэчышча: на забесьпячэньне работы сваёй фракцыі ў Вярхоўным Савеце, а таксама ўтворанага ёй кааліцыйнага ўраду. Частка АГП радыкалізавалася і стала надаваць больш увагі ўдзелу ў вулічных акцыях. Першай выказала гатоўнасьць да перамоваў з уладай Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя («Народная Грамада»). На зьезьдзе, адбытым у красавіку 1997 г., яна прапанавала ідэю стварэньня Канстытуцыйнага сходу, які б забясьпечыў магчымасьць правядзеньня легітымных парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў. Меркавалася, што юрыдычную аснову для яго павінны стварыць легітымны Вярхоўны Савет. У склад Канстытуцыйнага сходу меркавалася ўключыць дэпутатаў ад парлямэнту, 70 прадстаўнікоў ад прэзыдэнта і партыяў, якія ўдзельнічалі ў рабоце «Круглага стала», а таксама кандыдатаў, якія набралі падчас апошніх выбараў найбольшую колькасьць галасоў. Партыя камуністаў на чале з С. Калякіным з сыходам чыкінцаў згубіла амаль палову свайго складу, але стала ў яшчэ большую апазыцыю Лукашэнку. Ідэалягічна яна зрушылася ўправа, у кірунку сацыял-дэмакратыі.

Прафсаюзы

Структуры спадкаемцы савецкай прафсаюзнай арганізацыі — Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) — аказаліся апошнім каналам уплыву на ўладу, які ня быў перакрыты ў выніку канстытуцыйнага перавароту 1996 г. Традыцыйна яны супрацоўнічалі з уладай толькі ў эканамічных пытаньнях, такіх як памеры заработнай платы, рост цэнаў, невыкананьне калектыўных дамоваў на прадпрыемствах. Матэрыяльныя рэсурсы прафсаюзаў спрыялі ня столькі мабілізацыі клясы наёмных работнікаў, колькі заспакаеньню працоўных калектываў. Самі прафсаюзы вылучыліся няздольнасьцю аказваць уціск на дзяржаву і працадаўцаў. Доўгі час кіраўніцтва ФПБ захоўвала палітычную нэйтральнасьць, ішло на кампрамісы, аддаючы перавагу ня страйкам, а перамовінам. Некаторы час пасьля стыхійных страйкаў, што адбыліся ў красавіку 1992 г., гэтая тактыка была пасьпяховай. Між тым, спробы перайсьці да палітыкі сацыяльнага партнэрства паспрыялі палітызацыі ФПБ. У 1995 г. кіраўніцтва ФПБ пачало адкрыта выказваць незадаволенасьць сацыяльнай і эканамічнай палітыкай ураду. Улетку 1996 г. ФПБ правяла некалькі страйкаў у знак пратэсту супраць затрымкі выплаты заработнай платы, а таксама падтрымала акцыі прадпрымальнікаў на менскіх рынках, выкліканыя новым парадкам падаткаабкладаньня. Падчас канфлікту паміж прэзыдэнтам і Вярхоўным Саветам 13 скліканьня лідэр ФПБ У. Ганчарык заняў бок парлямэнту. Пасьля рэфэрэндуму 1996 году ФПБ стала нават часьцей выступаць з палітычнымі заявамі. Такія традыцыйныя для прафсаюзаў формы дзейнасьці, як страйкі, былі абмежаваныя прэзыдэнцкім дэкрэтам «Аб сходах, вулічных шэсьцях і дэманстрацыях», на які ў красавіку 1997 г. чарговы пленум ФПБ адрэагаваў заявай. Канчаткова ж радыкалізацыі ФПБ паспрыялі намеры прэзыдэнта перадаць функцыю прафсаюзаў па арганізацыі адпачынку працоўных дзяржаве. Для кіраўніцтва ФПБ гэта азначала страту ўплыву на чальцоў прафсаюзу. Колькасьць жа сьвядомых чальцоў ФПБ, гатовых пры неабходнасьці пацьвердзіць сваё сяброўства, па ацэнках старшыні ФПБ У. Ганчарыка, складала 500—600 тысяч чалавек.