Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 94

Валер Булгакаў

Каб кампэнсаваць недастатковую падтрымку з боку грамадзтва, Лукашэнка пайшоў на стварэньне прадзяржаўных арганізацыяў, якія б маглі кантраляваць найбольш важныя для ўлады сацыяльныя групы. Асабліва пільная патрэба ў такіх арганізацыях паўстала напярэдадні рэфэрэндуму 1996 г. Намаганьнямі ляяльных прэзыдэнту асобаў была расколата партыя камуністаў, якая ўлетку 1996 г. на чарговым пленуме афіцыйна прыняла пастанову перайсьці ў апазыцыю да А. Лукашэнкі і ўзяць удзел у працы «Круглага стала» дэмакратычных сілаў. Пасьля гэтага камуніст В. Чыкін, які, у адрозьненьне ад С. Калякіна і В. Новікава, не патрапіў у Вярхоўны Савет 13 скліканьня, адкрыта перайшоў на бок А. Лукашэнкі. Скарыстаўшыся дапамогай партыйнага кіраўніцтва савецкіх часоў, доступам да СМІ, а таксама адміністрацыйным рэсурсам прэзыдэнцкай вэртыкалі, ён перацягнуў на бок А. Лукашэнкі значную частку партыі, якая была зарэгістравана як Камуністычная партыя Беларусі (КПБ).

Пасьля вясны 1996 г. упершыню за час незалежнасьці Беларусі аб’ектам асаблівай увагі ўлады стала моладзь. На адмыслова сабранай нарадзе 17 чэрвеня 1996 г. прэзыдэнт Лукашэнка заклікаў лідэраў маладзёвых арганізацыяў і супрацоўнікаў дзяржструктураў па рабоце з моладзьдзю стварыць адзіную ляяльную дзяржаве маладзёвую арганізацыю накшталт савецкага камсамолу. Гэты ж заклік з абяцаньнем матэрыяльнае падтрымкі быў агучаны ім на маладзёвым форуме 20—21 верасьня 1996 г. У выніку, за некалькі месяцаў да рэфэрэндуму зьявілася нешматлікая маладзёвая арганізацыя «Прамое дзеяньне», якая правяла некалькі акцый у падтрымку прэзыдэнта, пасьля чаго стала галоўным атрымальнікам сродкаў, прызначаных на стварэньне ляяльнага «ўплывовага маладзёвага руху». Пасьля рэфэрэндуму на базе гэтай арганізацыі з дапамогай мясцовай «вэртыкалі», міністэрстваў, ведамстваў і навучальных установаў быў утвораны Беларускі патрыятычны саюз моладзі (БПСМ), якому меркавалася перадаручыць каардынацыю дзейнасьці ўсіх маладзёвых арганізацыяў у краіне. Але калі стала відавочна, што БПСМ з гэтым ня дасьць рады, яго значэньне для ўлады было абмежавана роляй «кузьні кадраў».

СЫСТЭМА АПАЗЫЦЫІ

Партыі

Пасьля рэфэрэндуму 1996 году апазыцыя набыла новыя арганізацыйныя формы і пачала асвойваць новыя мэтады дзейнасьці. Але першыя месяцы пасьля рэфэрэндуму для бальшыні дэмакратычных сілаў азначыліся чаканьнем грунтоўных пераменаў. Яны меркавалі, што новы рэжым сам сябе разбурыць: па-першае, у выніку непрызнаньня з боку міжнароднай супольнасьці, па-другое, дзеля сваёй эканамічнай нежыцьцяздольнасьці.

Прыпыненьне часовага гандлёвага пагадненьня з Эўразьвязам, пазбаўленьне ранейшага статусу ў АБСЭ, пераход ЗША да палітыкі «выбарачнага дыялёгу» і замарожаныя адносіны з Паўночнаатлянтычнай асамблеяй не паўплывалі на палітыку беларускіх уладаў. Вагары дыпляматычнага і эканамічнага ўзьдзеяньня, якія ўжыла да Беларусі міжнародная супольнасьць, аказаліся неэфэктыўнымі. Галоўным гандлёвым партнэрам Беларусі была Расія, а тамтэйшае кіраўніцтва, маючы аналягічны досьвед разгону парлямэнту, прызнала вынікі рэфэрэндуму. Што да рэакцыі насельніцтва, то паступовае пагаршэньне яго эканамічнага стану не ўзмацніла ў ім прагу да зьмены кіраўніцтва, а наадварот, адцягнула ад палітыкі. Маса людзей пераключыла ўвагу на прысядзібную гаспадарку, прыработкі і г. д. Увесну 1997 г. стала відавочна, што спадзяваньні значнае часткі апазыцыйных сілаў на хуткія зьмены становішча ў краіне ня спраўджваюцца. (Хаця ў сталіцы адбыліся масавыя дэманстрацыі, падчас якіх былі сутыкненьні зь міліцыяй, сёлетняя актыўнасьць была слабейшай за леташнюю.)