Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 89

Валер Булгакаў

Пры гэтых акалічнасьцях Лукашэнка зрабіў усё, каб кожная з гэтых групаў заставалася ўва ўладзе, але не перамагла канчаткова. Пачынаючы з 1997 году зьмяняюцца адносіны паміж плынямі ў складзе эліты сілавікоў, праводзіцца кадравая палітыка, накіраваная на падтрыманьне балянсу сілаў. Міністар унутраных справаў Агалец, ключавая кансэнсусная фігура, заставаўся на сваёй пасадзе да 1999 году, нягледзячы на чуткі пра яго звальненьне з прычыны пагаршэньня крымінагеннай сытуацыі ў краіне. На пасады міністраў Лукашэнка пачаў часта прызначаць выканаўцаў абавязкаў, выканаўцаў абавязкаў з выпрабавальным тэрмінам.

Найлепей сыстэма «стрымак і проціваг» у кадравай палітыцы Лукашэнкі праглядалася на рэгіянальным узроўні. Амаль што ўсе кар’ерныя ўзьлёты тут адбываюцца дзякуючы міжрэгіянальным ці міжведамасным прызначэньням. Так, пры канцы 1996 году кіраўнік гомельскага Ўпраўленьня ўнутраных справаў (УУС) Віталь Апанасевіч пераводзіцца ў магілёўскае УУС, а праз тры гады — у Менск. Замест яго, на год, прызначаецца берасьцеец Міхаіл Удавікоў, чыя пасьлейшая хуткая кар’ера дазваляе гаварыць пра наяўнасьць у яго моцнай пратэкцыі наверсе. Пры канцы 1997 году кіраўнік віцебскага УУС Валер Гарадзенка пераводзіцца зь Менску, а Валянцін Нікіцін пераходзіць у Раду бясьпекі, толькі пару гадоў папрацаваўшы ў гомельскім КДБ. У складзе «праваахоўнай» эліты падтрымліваецца балянс і паміж прадстаўнікамі рэгіёнаў. На пасадах намесьніка КДБ пабывалі прадстаўнікі амаль што ўсіх абласьцей, апрача Віцебскай.

Больш-менш трывалыя сувязі сярод функцыянэраў праваахоўных органаў пачалі аднаўляцца толькі пачынаючы з 1999 году, з прызначэньнем на пасаду міністра ўнутраных справаў Сівакова. За ім на месца камандуючага ўнутранымі войскамі быў прызначаны Юры Жадобін, які скончыў тую ж самую ваенную акадэмію бранетанкавых войскаў імя Маліноўскага, што і сам Сівакоў, перайшоў усьлед за ім на пасаду камандуючага ўнутранымі войскамі і сышоў разам зь Сіваковым. Аднак пасьля гэтага адбываецца міжведамасная ратацыя, в.а. міністра ўнутраных справаў на некалькі месяцаў прызначаецца Ўдавікоў, які потым пераходзіць у Раду бясьпекі.

З новым прызначэньнем Сівакова на пасаду намесьніка прэм’ер-міністра (лістапад 2000 г.) адбываецца новая ратацыя. Кіраўніком МУС стаецца Ўладзімер Навумаў са службы бясьпекі прэзыдэнта. Адначасова адбываюцца ратацыі і ў КДБ: яго ачольвае Леанід Ерын.

Чаму адбываецца такая незвычайная перастаноўка кадраў? Сівакоў у свой час быў адной з кансэнсусных фігураў, якія прыйшлі ў МУС на прапанову Шэймана, але і са згоды Мясьніковіча. Гэтае ж яго павышэньне суправаджаецца паніжэньнем уплыву Шэймана. Пасьлявыбарная адстаўка Мясьніковіча была выкліканая перадусім тым, што яго пазыцыі засталіся нязьменнымі, і павелічэньня яго ўплыву цяжка было ўнікнуць. Прызначэньне ж татарына Латыпава на пасаду кіраўніка Адміністрацыі выглядае заканамернасьцю ў тым ліку дзякуючы прамоцыі з боку казанскіх танкістаў.