Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 88

Валер Булгакаў

На гэтым фоне працягвае павышацца ўплыў асобаў, якія валодалі моцнымі сувязямі з Расіяй. На пасаду намесьніка дзяржсакратара Рады бясьпекі і аднаго з кіраўнікоў галоўнага ўпраўленьня спэцпадразьдзяленьняў КДБ прызначаны Сяргей Канцавенка. Раней ён працаваў у Радзе бясьпекі, пасьля адстаўкі Кеза зьехаў у Маскву, вярнуўся адтуль за паўгоду да гэтага прызначэньня. Праглядаюцца сувязі з Расіяй і ў прызначанага выканаўцам абавязкаў міністра абароны Аляксандра Чумакова.

Такім чынам, да пачатку 1997 году адбылося пераразьмеркаваньне каналаў уплыву на прэзыдэнта. Прадстаўнікі парлямэнцкай групы або пайшлі ў апазыцыю рэжыму, як В. Ганчар, або на нейкі час выпалі з палітыкі, як М. Чыгір і Л. Сініцын. Прамыслова-эканамічная эліта на рэгіянальным і галіновым узроўні згубіла сваю самастойнасьць. Вялікія зьмены перажыў яе пэрсанальны склад. У эліту нацыянальнага ўзроўню прыйшлі старыя артадоксы, якія займалі высокія пасады яшчэ за часоў Кебіча. Толькі цяпер яны былі цалкам залежныя ад Лукашэнкі. Адзінай групай, якая захавала статус-кво, засталіся сілавікі. Але і ў іх асяродзьдзі праявіліся ўзаеманезамірэнчыя групоўкі.

Існая на пачатку 90-х гадоў рэгіянальная, прамысловая і рэспубліканская эліта аказалася няздольнай сфармаваць устойлівыя групы націску з выразнымі палітычнымі мэтамі. Таму здабыцьцё ўсёй паўніні ўлады адным з былых аўтсайдараў рэгіянальнай, атамізаванай аграрнай эліты мела вынікам не адстойваньне рознымі элітнымі групамі свайго складу і пазыцыяў, а пашырэньне ўплыву найбольш зарганізаванай групоўкі, якая не была зьвязана ні з воднай з астатніх, — сілавікоў.

Як было сказана раней, гэтая група вызначаецца разнароднасьцю. Яна пачала распадацца на плыні яшчэ ў 1994—1996 гг. Спачатку барацьба вялася паміж старымі артадоксамі і асьцярожнымі прыхільнікамі пераменаў. Сыход Захаранкі і Ягорава зрабіў неактуальным падзелы па ідэалягічным крытэры. Галоўным яднальным момантам сталася паходжаньне з аднаго рэгіёну або сумесная праца.

Пры гэтым Лукашэнка дабіўся своеасаблівага балянсу элітаў: «старыя намэнклятурнікі» дзякуючы сваім сувязям з Расіяй забясьпечвалі эканамічную дзеяздольнасьць рэжыму. Шэйманаўцы, якія атрымалі кантроль над праваахоўнымі органамі, — яго ўнутраную стабільнасьць. Узмацненьне любой з гэтых групаў пагражала падарваць гэты балянс.

Яшчэ ў 1995 годзе пасьля кароткай сутычкі за вызначэньне сфэраў уплыву ў МУС «намэнклятурнікі» і «праваахоўнікі» пайшлі на кампраміс. Валянцін Агалец, Фарыд Канцараў і Юры Сівакоў падыходзілі і «старым», і Шэйману і пры гэтым мелі дастаткова моцныя сувязі з Расіяй. Агалец быў да 1994 года быў першым намесьнікам камандуючага ўнутранымі войскамі. Сівакоў ішоў з Рады бясьпекі, г. зн. ад Шэймана, але да 1994 году працаваў у Савеце міністраў і, адпаведна, меў сувязі са «старымі». Канцараў раней узначальваў контравыведку КДБ.