Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 90

Валер Булгакаў

У 1999 годзе адбыліся вялікія перамены і ўва ўнутранай, і ў вонкавай палітыцы Беларусі. З абраньнем расійскага прэзыдэнта Пуціна Лукашэнку давялося зьмяніць свае прыярытэты ўва ўсходняй палітыцы. Апрача гэтага, набліжаліся беларускія прэзыдэнцкія выбары 2001 году. Працягваць стратэгію раўнавагі кадраў азначала ўзмацняць неэфэктыўнасьць рэжыму. У гэтых абставінах стаўка Лукашэнкі на высокапрафэсійнага контравыведніка, былога загадчыка катэдры спэцыяльных дысцыплінаў Інстытуту нацыянальнай бясьпекі (калішнія Вышэйшыя курсы КДБ СССР) У. Латыпава выглядае ня як чарговая праява новага падзелу ўплыву, а як ажыцьцяўленьне захадаў, патрэбных для мабілізацыі сыстэмы ў крытычных абставінах. Актывізацыя апазыцыйнага руху, ціхае незадавальненьне ўладай з боку насельніцтва, пагроза пратэстнага галасаваньня — усё гэта запатрабавала неадкладных захадаў з боку рэжыму.

Кадравая палітыка не перажыла радыкальнай ломкі, па-ранейшаму прызначалі асобаў, а ня групы ці кляны. Вызначэньне сапраўды новых кадравых прыярытэтаў трэба чакаць толькі тады, калі прэзыдэнцкія выбары 2001 г. перастануць бударажыць масавую сьвядомасьць. Але ўжо цяпер можна гаварыць пра тое, што пачынаючы з 1994 г. і дагэтуль беларуская палітычная сыстэма штучна затрымлівалася ў «замарожаным» стане.

Аморфнасьць і залежнасьць эліты БССР стала прычынай таго, што на пачатку 90-х гадоў што на Беларусі не існавала рэфарматарскіх плыняў у эліце. Дэмакратычная апазыцыя ж была яшчэ недастаткова моцнай, каб выкарыстаць гэта і прыйсьці да ўлады. У выніку, тая сіла, якая здабыла ўладу, была зацікаўленая перадусім у далейшым зьмяншэньні вагі як апазыцыі, так і старой эліты. У сярэдзіне 90-х быў перапынены працэс далейшай самаарганізацыі прамыслова-эканамічных элітаў. Быў сфармаваны новы дырэктарскі корпус. Прэзыдэнцкая вэртыкаль павялічыла залежнасьць рэгіянальных і галіновых элітаў ад цэнтру. Функцыянэры найвышэйшага ўзроўню лучылі ў поўную залежнасьць ад таго, хто іх прызначыў.

Але адначасова з гэтым такая палітыка divede et impera стварыла вялікую колькасьць незадаволеных рэжымам ня толькі сярод насельніцтва, але і сярод пакрыўджаных і зьняважаных прадстаўнікоў эліты. Таму пытаньне далейшага выжываньня рэжыму — гэта ў першую чаргу пытаньне аб тым, ці пажадаюць і ці здолеюць пакрыўджаныя аб’яднацца для ўдару ў адказ. І наколькі сілы дэмакратычнай апазыцыі здолеюць выкарыстаць яго, каб павялічыць свой уплыў.

Сыстэма ўлады і сыстэма апазыцыі пасьля канстытуцыйнага крызысу 1996 г.

На фоне грамадзкага расколу і дэградацыі сацыяльных інстытутаў у Беларусі склаўся даволі спэцыфічны балянс сілаў, пры якім не перамагла ні ўлада, ні апазыцыя. Улада А. Лукашэнкі замацавалася дзякуючы моцнаму адміністрацыйнаму рэсурсу, стымуляваньню ў насельніцтва арыентацыі на сацыяльнае ўтрыманства і блякаваньню працэсаў самаарганізацыі беларускага грамадзтва. Фактычнаму панаваньню А. Лукашэнкі апазыцыя паспрабавала супрацьпаставіць сымбалічны капітал: аўтарытэт закону і ідэал Беларусі як цывілізаванай эўрапейскай дзяржавы. Між тым, недастатковы мабілізацыйны патэнцыял не дазволіў ні А. Лукашэнку зь яго камандай, ні апазыцыі ўсталяваць уласныя правілы палітычнай гульні. Хаця адразу пасьля рэфэрэндуму раўнавага паміж уладай і апазыцыяй выглядала хісткай, улетку 1999 г. яна замацавалася больш стала.