Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 87

Валер Булгакаў

Значная колькасьць новых прызначэнцаў мае супольную ўласьцівасьць — сувязь з Расіяй. Ерын, Юркін, Агалец працавалі большы ці меншы час у расійскіх праваахоўных органах. А Канцараву напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 1994 г. прыйшла прапанова зьехаць у Расію на пасаду кіраўніка контравыведкі Сібірскай вайсковай акругі. У спалучэньні зь пераарыентацыяй вонкавай палітыкі Беларусі (акурат у гэты час Лукашэнка нарошчвае свой уплыў у Расіі) гэта гаворыць пра ўзмацненьне новага фактару ў падзеле сфэраў уплыву ў беларускім кіраўніцтве — расійскага.

«Прарыў на Ўсход» ажыцьцяўляецца пры дапамозе «старой намэнклятуры», дакладней, «старых сілавікоў». Улічваючы яго часовы посьпех у 1995—1997 гг. у «чырвоным поясе» Расіі, можна дапусьціць, што такі эфэкт маглі даць толькі сувязі, якія меў Мясьніковіч у фінансава-эканамічных колах старой расійскай эліты, а празь яе — з расійскімі рэгіянальнымі (перадусім сілавымі) элітамі. Каб захаваць уплыў, які губляўся групай Мясьніковіча ў меру таго, як прамыслова-эканамічная эліта была скароная Лукашэнкам, «старыя намэнклятурнікі» выкарысталі новы рэсурс: актывізавалі свае сувязі з Расіяй. Яны зарыентавалі Лукашэнку на супэрмэты — на дасягненьне палітычных дывідэндаў па-за межамі Беларусі.

Аднак нягледзячы на захаваньне ўплыву Мясьніковіча, перабудова і падпарадкаваньне Лукашэнкам прамыслова-гаспадарчай эліты працягвалася. Яе канчатковая нэўтралізацыя надышла разам з ратацыяй, якая адбылася ў прамежку паміж сыходам Сініцына і Чыгіра. Разам зь Сініцыным сышоў міністар эканомікі Георгі Бадзей. Яшчэ ў студзені 1996 году былы міністар прамысловасьці, вылучэнец ад цяжкой прамысловасьці У. Куранкоў быў заменены на вылучэнца ад электроннай прамысловасьці, дагэтулешняга дырэктара напаўжывога заводу вылічальнай тэхнікі Анатоля Харлапа. Таксама адбываецца замена «старога» міністра фінансаў. Такім чынам разам з сыходам «парлямэнцкай» эліты аслабляецца і нэўтралізуецца і старая прамыслова-эканамічная эліта. Пры гэтым яна не ствараецца наноў, а замяняецца менш уплывовымі і менш самастойнымі функцыянэрамі.

У Расіі і ўва Ўкраіне магутныя прамысловыя эліты мелі дастатковыя рэсурсы і стымулы, каб абараніць сваіх стаўленікаў і свае інтарэсы, ствараючы сыстэму карпарацыйных алігархій. Гэтыя алігархіі змагаліся за ўплыў у палітыцы. Беларуская прамысловая эліта ня вытрымала канкурэнцыі з супэралігархам, які мэтанакіравана змагаўся супраць яе, — дзяржавай, дакладней тым, хто атрымаў найвышэйшую ўладу ў гэтай дзяржаве. Прамыслова-эканамічнае лёбі было дэмаралізаванае.

Яшчэ адной значнай падзеяй, якая адбылася адначасна з гэтым новым пераразьмеркаваньнем пасадаў, стала хваля прызначэньняў на пасаду дарадніка прэзыдэнта. У студзені 1997 году адбыліся адразу чатыры прызначэньні: Івана Антановіча, Сяргея Посахава, Уладзімера Каралёва, Пятра Капітулы. Такі шэраг прызначэньняў паказвае ўзмацненьне расійскага фактару ў беларускай палітыцы. Прызначэньні Антановіча, які на пачатку 90 х гадоў займаў пасаду сакратара Камуністычнай партыі Расіі, міністрам замежных спраў, Каралёва, былога кіраўніка службы дзяржаўнага пратаколу, Посахава, выхадца з Расіі, які дагэтуль спэцыялізаваўся на арганізацыі масавай падтрымкі Лукашэнку, дараднікамі прэзыдэнта гавораць пра тое, што Лукашэнку спатрэбілася прапагандысцкае забесьпячэньне яго ўсходняй палітыкі.