Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 91

Валер Булгакаў

СЫСТЭМА ЎЛАДЫ

Унутраная арганізацыя

Прыцягнуўшы да ўлады старую савецкую намэнклятуру, А. Лукашэнка паставіў на ключавыя пасады самых розных людей. Тыя зь іх, хто арыентаваўся на рынкавыя рэформы, пакінулі яго каманду яшчэ да рэфэрэндуму 1996 г. Пасьля 1996 г. у камандзе А. Лукашэнкі пераважалі прадстаўнікі партыйна-гаспадарчай намэнклятуры. Атачэньне А. Лукашэнкі склалі людзі, галоўнай якасьцю якіх стала асабістая адданасьць прэзыдэнту Лукашэнку (У. Канаплёў, С. Посахаў), прадстаўнікі старой намэнклятуры (А. Малафееў, М. Мясьніковіч і яго каманда), спэцыялісты-прагматыкі, гатовыя працаваць з уладай незалежна ад палітычнага курсу краіны (адзін з кіраўнікоў Нацыянальнага банку Беларусі Генадзь Алейнікаў, міністар фінансаў Мікалай Корбут), а таксама палітыкі, якія выканалі асабліва важныя даручэньні Лукашэнкі. Своесаблівае месца займаў тагачасны сакратар Рады бясьпекі В. Шэйман, за плячыма якога стаялі беларускія спэцслужбы. Найбольш далікатныя распараджэньні прэзыдэнта выконвалі такія асобы, як старшыня Ўпраўленьня справаў прэзыдэнта І. Ціцянкоў, дараднік прэзыдэнта ў асаблівых даручэньнях В. Кучынскі і брат былога міністра прадпрымальніцтва і інвэстыцыяў Аляксандра Сазонава Міхаіл Сазонаў.

Структуры ўлады былі пабудаваны на патранажна-кліентэлісцкіх узаемінах. Надаўшы сабе пераважна кантрольныя функцыі, Лукашэнка знаходзіцца па-над асобамі зь іх інтарэсамі і выступае ў ролі судзьдзі ў магчымых канфліктах паміж набліжанымі. Групоўкі ўнутры пануючай эліты ўтвараліся вакол асобных яе прадстаўнікоў (такіх як М. Мясьніковіч, В. Шэйман, У. Канаплёў і І. Ціцянкоў). Між тым, спэцыфіка адносінаў паміж групоўкамі ўнутры ўлады вызначаецца выключна пераразьмеркаваньнем кампэтэнцыі ў асобных галінах кіраваньня. З прычыны адсутнасьці ў Беларусі адасобленых ад прэзыдэнта фінансава-прамысловых групаў супярэчнасьці ўнутры беларускай пануючай эліты як узьнікаюць, так і вырашаюцца без звароту да інтарэсаў шырокіх колаў грамадзтва.

Згортваньне ў Беларусі інстытуцыйна адрэгуляванай сфэры публічнай палітычнай барацьбы зьмяніла і функцыі органаў прадстаўнічай улады. У ПП НС, нягледзячы на прысутнасьць групы камуністаў-чыкінцаў (Міхаіл Анікееў, Валер Захарчанка, Сяргей Касьцян, Ігар

Катляроў), так і ня склалася партыйнага прадстаўніцтва. Фактычна, склад фігур уплыву вызначаецца дачыненьнем да структураў выканаўчае ўлады ці блізінёй да віцэ-сьпікера палаты У. Канаплёва.

Сувязь з грамадзтвам

У пабудаванай Лукашэнкам сыстэме ўлады пераважнай формай артыкуляцыі інтарэсаў грамадзтва зьяўляецца галасаваньне. Усе пасярэдніцкія структуры паміж дзяржавай і грамадзтвам як бы выступаюць у ролі сілаў, якія супрацьстаяць беспасярэдняму народнаму волевыяўленьню. Атрымаўшы пасаду прэзыдэнта дзякуючы агрэсіўнай рыторыцы, пабудаванай на супрацьстаўленьні «сваіх» і «чужых», А. Лукашэнка стаў прытрымлівацца гэтае тактыкі і надалей. Пры гэтым сярод тых, каму была навязана роля антынародных сілаў, апынуліся палітычныя партыі і грамадзкія арганізацыі. Падпарадкаваўшы сабе ўсе галіны ўлады, прэзыдэнт Лукашэнка, тым ня менш, не забясьпечыў сабе стоадсоткавых гарантыяў непахіснага панаваньня. Будучы абавязаным сваёй уладай усенароднаму волевыяўленьню, ён ня можа скасаваць інстытуту выбараў. Таму, улічваючы незадаволенасьць беларускага насельніцтва ўзроўнем жыцьця, прэзыдэнту па-ранейшаму даводзіцца разьлічваць на пратэстнае галасаваньне і падтрымліваць сябе ў стане канфрантацыі з тымі ці іншымі сіламі. За стыль дзейнасьці А. Лукашэнку называюць «паталягічным рэвалюцыянэрам», які пераўтварыў палітычную барацьбу ў краіне ў «халодную грамадзянскую вайну»[а]. Наяўнасьць у краіне палітычных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў дапамагае прэзыдэнту падтрымліваць міт аб тым, што яму «перашкаджаюць», і ўхіліцца ад часткі ўзятых на сябе абавязкаў, зьвязаных зь дзяржаўным забесьпячэньнем такіх сацыяльных сфэраў, як адукацыя ці культура. Тым ня менш, рост уплыву апазыцыйных сілаў, які стварае небясьпеку яго адхіленьня ад улады, прадухіляецца ўсімі магчымымі спосабамі: ад іх дыскрэдытацыі ў СМІ да ліквідацыі дзяржаўнымі органамі. Акурат пасьля апошняга рэфэрэндуму ў Беларусі пачалі зьнікаць дзеячы апазыцыі і зьявіліся палітычныя вязьні.