Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 86

Валер Булгакаў

З канца 1994 і да 1996 году толькі паводле адкрытай інфармацыі было зьменена больш за 10 кіраўнікоў буйных прадпрыемстваў. Нэўтралізацыя фінансава-гаспадарчай эліты адбывалася адначасна з паніжэньнем уплыву Мясьніковіча і групоўкі «старых намэнклятурнікаў». Іх рэсурсы ўнутры краіны, падстава іх існаваньня ўва ўладзе, таялі разам зь зьмяншэньнем колькасьці зьвязаных зь імі кіраўнікоў прадпрыемстваў. Старая эліта адчула патрэбу ў дадатковых рэсурсах для ажыцьцяўленьня ўплыву.

Наступныя ратацыі парлямэнтароў таксама суправаджаліся перадзелам сфэраў уплыву паміж «сілавікамі» і «гаспадарнікамі». З сыходам А. Фядуты з пасады кіраўніка Ўпраўленьня грамадзка-палітычнай інфармацыі Адміністрацыі прэзыдэнта яго месца ў чэрвені 1995 году пераходзіць да адной з найбольш адыёзных фігураў кебічаўскай адміністрацыі — У. Замяталіна. З сыходам з МУС Захаранкі, адбытым у кастрычніку 1995 году, адбыліся вялікія ратацыі ў МУС, а праз два месяцы ў КДБ і ў Адміністрацыі прэзыдэнта. У выніку гэтых ратацыяў «парлямэнтар» Сініцын, які яшчэ год таму курыраваў прызначэньні ў склад лукашэнкаўскай адміністрацыі, будучы яе кіраўніком, згубіў рэальны ўплыў і ў кастрычніку 1995 году захаваў толькі пасаду віцэ-прэм’ера. М. Мясьніковіч, патрон «старых намэклятурнікаў», атрымаў больш значную пры існых стасунках улады пазыцыю кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта, зьмяніўшы Л. Сініцына. Пры гэтых абставінах прызначэньне В. Шэймана выканаўцам абавязкаў міністра ўнутраных справаў, хоць і з захаваньнем пасады Дзяржсакратара Рады бясьпекі, таксама можна разглядаць як аслабленьне яго ўплыву.

Кадрамі з КДБ было «ўмацаванае» МУС. Намесьнік міністра ўнутраных справаў Сяргей Рухлядзеў быў заменены на выхадца з КДБ Івана Юркіна, які ў часе супрацьстаяньня Ягорава і Шыркоўскага Кебічу займаў дастаткова асьцярожную пазыцыю. Як і Рухлядзеў, Юркін да гэтага некаторы час працаваў у праваахоўных органах Расіі. У сьнежні 1995 г. на пасаду намесьніка міністра ўнутраных справаў быў прызначаны былы кадэбэшнік — кіраўнік контравыведкі Фарыд Канцараў. А яшчэ раней міністрам унутраных справаў прызначаны Валянцін Агалец, які напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 1994 г. быў звольнены Кебічам з пасады намесьніка камандуючага ўнутранымі войскамі.

Праз два месяцы пасьля сыходу Захаранкі, у сьнежні 1995 году, адбылася вялікая ратацыя і ў КДБ. Быў адпраўлены ў адстаўку кіраўнік КДБ Ягораў. Замест яго быў прызначаны Ўладзімер Мацкевіч, былы шэф КДБ у Берасьцейскай вобласьці, які за год да гэтага быў пераведзены зь Берасьця ў Менск. Замест берасьцейца Кеза першым намесьнікам кіраўніка КДБ прызначаецца Леанід Ерын, які да гэтага працаваў на пасадзе кіраўніка ФСБ Расіі па Маскве і Маскоўскай вобласьці. Кез стаецца намесьнікам кіраўніка Рады бясьпекі, а праз два месяцы звальняецца ў запас. На яго месца прыходзіць Юркін, пра якога мы казалі раней. Гэтыя прызначэньні адлюстроўваюць зьніжэньне ўплыву шэйманаўскіх сілавікоў: сыходзяць берасьцейцы, у МУС прыходзіць Канцараў з контравыведкі.