Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 85

Валер Булгакаў

У іншых міністэрствах у першыя месяцы адбываюцца толькі прызначэньні новых міністраў. Намесьнікі зьмяняюцца празь некаторы тэрмін і не ўва ўсіх міністэрствах.

Як парлямэнцкую (ці камунікацыйную) эліту можна вызначыць тых новых функцыянэраў, якія прыйшлі ўва ўрад і адміністрацыю Лукашэнкі з парлямэнту. Гэта найбольш разнастайная, шматлікая, але найменш устойлівая група. Так, з парлямэнту ў выканаўчую ўладу прыйшлі такія палітычныя антаганісты, як В. Ганчар і В. Шэйман, Ю. Захаранка і І. Ціцянкоў, У. Ягораў і І. Драбышэўская. Яны былі вельмі разьяднаныя. Іх аб’ядноўвала адна якасьць — усе яны падчас выбараў 1994 г. так ці інакш падтрымлівалі А. Лукашэнку. Акурат прадстаўнікі гэтай групы першымі пачалі сыходзіць з прэзыдэнцкай каманды. Гэты сыход быў абумоўлены эвалюцыяй палітычнага курсу рэжыму і падзелам сфэраў уплыву паміж рознымі плынямі ў эліце. Пачатак сыходу «парлямэнтароў» паклаў В. Ганчар. Яго сыход у сьнежні 1994 году супаў з разгарам кампаніі стварэньня прэзыдэнцкай вэртыкалі ўлады і прызначэньнем, згодна з новым заканадаўствам, асабіста прэзыдэнтам кіраўнікоў выканкамаў. Прычынай адстаўкі Ганчара была, паводле яго словаў, нязгода з новай сыстэмай улады, пры якой губляецца значэньне кабінэту міністраў і ўплыў канцэнтруецца ў Адміністрацыі прэзыдэнта. На яго думку, яго сыход адпавядаў «калектыўнай пазыцыі кабінэту міністраў». Дарэчы, іншыя парлямэнтары пры сваім сыходзе (Л. Сініцын, Міхаіл Чыгір) таксама спасылаліся на «калектыўнае» імкненьне, хаця сыходзілі ў адстаўку паасобку.

Пасады былых парлямэнтароў паступова займаліся больш зарганізаванымі і непераборлівымі прадстаўнікамі дзьвюх іншых груповак: старой намэнклятуры і сілавікоў. У далейшым акурат барацьба гэтых дзьвюх груповак, Мясьніковіча і Шэймана, будзе складаць асноўную інтрыгу пры падзеле сфэраў уплыву. Адыход Ганчара вызваліў месца на пасадзе віцэ-прэм’ера для прадстаўніка Берасьцейшчыны Ўладзімера Русакевіча. Рэгіён яго паходжаньня дазваляе думаць пра сувязі Русакевіча з Шэйманам і адпаведнай групай, указвае на ўзмацненьне гэтай групы. І сапраўды, на працягу наступных трох месяцаў адбылося аслабленьне «старых намэнклятурнікаў». Была замененая бальшыня міністраў эканамічна-прамысловага профілю, якія не былі зьменены дагэтуль: міністры гандлю, прамысловасьці, фінансаў і часткова іх намесьнікі. Такім чынам, першая хваля сыходу парлямэнтароў адчыніла шлях для перападзелу сфэраў уплыву, павысіла значэньне сілавой групоўкі, адпаведна зьнізіўшы ўплыў «старой намэнклятуры».

Гэтыя падзеі адбываліся на фоне паступовай зьмены кіраўнікоў прамысловых прадпрыемстваў. Маніпуляцыі з курсам валюты, крызыс неплацяжоў паставілі прамысловасьць перад праблемай выжываньня і канчаткова аслабілі нізавую прамыслова-гаспадарчую эліту (кіраўнікоў дзяржаўных і прыватных прадпрыемстваў, банкаў, іншых суб’ектаў гаспадараньня). У дадатак, у верасьні 1994 году ўрадам была прынятая пастанова аб перазаключэньні кантрактаў з кіраўнікамі прамысловых прадпрыемстваў. Іх пазыцыі сталі больш няўстойлівымі, чымся ў савецкія часы.