Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 84

Валер Булгакаў

Акурат гэтая рэформа справакавала першы выразны канфлікт інтарэсаў паміж плынямі ў прэзыдэнцкім атачэньні. Пачынаючы з 1994 году іх было тры: старая эліта, сілавікі, парлямэнтары (ці камунікацыйныя палітыкі). Можна таксама гаварыць пра існаваньне асобнай групы «магілёўцаў», хоць яна ў шмат якіх адносінах ёсьць намінальнай. Яе прадстаўнікі прысутнічалі ўва ўсіх згаданых плынях, але не складалі арганізаванага адзінства.

Старая эліта была прадстаўленая ў першую чаргу М. Мясьніковічам. Ён працаваў ува ўрадзе Беларусі з 1986 году, прайшоў шлях ад міністра жыльлёва-камунальнай гаспадаркі да намесьніка прэм’ера. Ува ўрадзе Кебіча ён курыраваў прамыслова-эканамічную сфэру, валодаў калясальнымі сувязямі як з рэгіянальнымі элітамі, так і за мяжой краіны. Асноўнае функцыянальнае прызначэньне гэтай групы эліты — эканамічнае забесьпячэньне дзеяздольнасьці пабудаванай А. Лукашэнкам дзяржаўнай сыстэмы. Акурат празь Мясьніковіча А. Лукашэнка падтрымліваў кантакты з Масквой, прадстаўнікамі нацыянальнай прамысловай і банкаўскай эліты. Бальшыня міністраў, якія мелі дачыненьне да прамыслова-гаспадарчай дзейнасьці (ужо згадваныя Сяргей Лінг, Барыс Батура, а таксама міністар гандлю Валянцін Байдак і міністар прамысловасьці Ўладзімер Куранкоў), захавала свае пасады падчас першай хвалі ратацый дзяржапарату пасьля абраньня Лукашэнкі. Захаваў свае пазыцыі і міністар сельскай гаспадаркі В. Лявонаў, які належаў да магілёўскага кляну, быў былым патронам Лукашэнкі і забясьпечваў сувязі з аграрнымі элітамі.

У выніку першых прызначэньняў прадстаўнікі старой намэнклятуры захавалі асноўныя пазыцыі ў фінансава-эканамічным сэктары, забясьпечваючы нязьменнасьць старога курсу і сыстэмы падзелу ўлады.

Найбольш глыбокія ратацыі ў першыя месяцы пасьля абраньня Лукашэнкі адбыліся ў праваахоўных органах: КДБ, МУС і Камітэце памежных войскаў. Зьмена кіраўнікоў і іх намесьнікаў тут адбываецца адначасова (у іншых ведамствах паміж ратацыямі першых і другіх праходзіць нейкі час). На пасаду кіраўніка КДБ вяртаецца Ягораў, які ў 1994 годзе выступіў супраць групоўкі Данілава і за гэта паплаціўся пасадай. Пасаду яго намесьніка атрымаў Валер Кез, які таксама ў свой час быў зьняты з пасады за супрацоўніцтва з антыкарупцыйнай камісіяй Лукашэнкі.

Дарэчы, і Ягораў, і Кез працавалі некаторы час у праваахоўных структурах Берасьцейскай вобласьці, выхадцам зь якой быў В. Шэйман, адзін з найбольш актыўных дзеячаў перадвыбарнай каманды Лукашэнкі і найбольш уплывовых асобаў у яго атачэньні. В. Шэйман быў прызначаны кіраўніком вядучай сілавой установы краіны — Рады бясьпекі.

Кіраўніком МУС стаецца былы дэпутат генэрал Захаранка. Адбываецца зьмена ўсіх намесьнікаў міністра ў гэтым міністэрстве. Сярод новых прызначэнцаў таксама прысутнічаюць берасьцейцы (Мікалай Крэчка). Цалкам быў зьменены кіраўнічы склад і ў памежных войсках — там, дзе ў часе Кебіча быў створаны АСАМ як супрацьвага адпаведнай службе ў КДБ.