Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 83

Валер Булгакаў

На пачатку 90-х гадоў аўтарытэт у грамадзтве старой намэнклятурнай эліты катастрафічна зьніжаецца. Адначасова павышаецца ўплыў нацыянальна-дэмакратычных сілаў. Здабыцьцё Беларусяй незалежнасьці, мітынгі і страйкі 1991 году выявілі неабыякі патэнцыял беларускіх дэмакратычных сілаў, здольнасьць уплываць на грамадзтва, арганізоўваць акцыі масавага пратэсту. Яны стаюцца пагрозай для палітычных пазыцыяў намэнклятуры. У гэтых умовах намэнклятура пастанаўляе ўвесьці пасаду прэзыдэнта. Пасьля першых прэзыдэнцкіх выбараў і да 2001 г. эліты ў сваім станаўленьні прайшлі празь некалькі этапаў.

Першы этап можна вызначыць як парлямэнцкі, або псэўдадэмакратычны. Як было сказана раней, да сярэдзіны 90-х гадоў у Беларусі не сфармавалася акрэсьленых плыняў у намэнклятурнай эліце. Пасьля свайго абраньня Лукашэнка запачаткаваў кадравую палітыку, заснаваную на прызначэньнях вышэйшых службоўцаў дзяржапарату, выходзячы з асабістых кантактаў і рэгіянальных сувязяў. На адказныя пасады прызначаліся функцыянэры, якія былі яму вядомыя па Магілёўскай вобласьці, або тыя, з кім ён працаваў у парлямэнце.

За першыя два месяцы прэзыдэнтуры Лукашэнка зрабіў 57 найважнейшых прызначэньняў. З новапрызначаных на пасады 19 (33%) функцыянэраў былі былымі дэпутатамі парлямэнту, прычым бальшыня зь іх заняла першарадныя пасады. Ужо на гэтым этапе пачала дзейнічаць рэгіянальная мадэль прызначэньняў. Сярод 19 прызначэнцаў з парлямэнту сямёра функцыянэраў працавалі з Лукашэнкам падчас перадвыбарнай кампаніі, а як найменей пяць паходзяць з аднаго з Лукашэнкам рэгіёну — Магілёўскай вобласьці. Сярод астатніх значную частку складалі тыя, хто займаў пасаду на прыступку ніжэй у той самай сфэры дзяржаўнага кіраваньня.

Пры гэтым першарадныя пасады Лукашэнка аддаў былым прадстаўнікам найбуйнейшай намэнклятуры. М. Мясьніковіч захаваў пасаду першага намесьніка прэм’ер-міністра, пасада намесьніка па эканамічных пытаньнях засталася за С. Лінгам з захаваньнем адпаведнай сфэры дзейнасьці. Прызначаныя намесьнікі прэм’ер-міністра У. Гаркун і В. Ганчар (былыя дэпутаты парлямэнту) атрымалі параўнальна нязначнае кола паўнамоцтваў у сельскагаспадарчай і культурна-асьветніцкай галінах.

Аморфнасьць цэнтральнай і ізаляванасьць рэгіянальнай эліты дазволіла Лукашэнку правесьці рэформу органаў мясцовага кіраваньня без супрацьдзеяньня з боку рэгіёнаў. Пасьля гэтай рэформы кіраўнікі рэгіёнаў пачалі прызначацца Менскам у адпаведнасьці з асабістымі сымпатыямі прэзыдэнта.

Кадравай базай рэгіянальных лідэраў ізноў стаў парлямэнт. З 6 кіраўнікоў абласных адміністрацыяў 3 прайшлі праз ВС 12 скліканьня, 5 займалі пасады абласнога ўзроўню раней. Аднак рэформа адлюстравала і рэгіянальныя тэндэнцыі ў фармаваньні эліты: бальшыня кіраўнікоў рэгіянальных адміністрацыяў (перадусім раённага ўзроўню) была рэкрутавана з рэгіёнаў, хоць і ў адпаведнасьці з сымпатыямі прэзыдэнта.