Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 82

Валер Булгакаў

З развалам СССР ні ў цэнтральнай партыйна-гаспадарчай, ні і ў прамысловай, ні ў рэгіянальнай эліце БССР не было групаў, якія былі б зацікаўлены ў правядзеньні грунтоўных і незваротных рэформаў.

Сувэрэнізацыя Беларусі была перашкодай для адладжанай сыстэмы ўзыходжаньня да саюзнага цэнтру. Адсутнасьць значных сыравінных рэсурсаў у Беларусі таксама рабіла праблематычнай гэтую сувэрэнізацыю.

Аграрна-прамысловыя рэгіянальныя эліты ня мелі ні каналаў, ні рэсурсаў, а галоўнае — навыкаў і значных стымулаў для ўзьдзеяньня на эліты рэспубліканскія. Пры гэтым як першыя, так і другія проста падпарадкоўваліся ініцыятывам з імпэрскага цэнтру. Толькі выбары ў ВС БССР 12 скліканьня, якому было накавана абвясьціць незалежнасьць Беларусі і стаць рэальным цэнтрам палітычнага жыцьця краіны, паклалі пачатак новага этапу разьвіцьця эліты. Яны адкрылі шлях у цэнтар вялікай колькасьці прадстаўнікоў рэгіянальнай намэнклятурнай эліты. У ВС 12 скліканьня агульная колькасьць рэгіянальных функцыянэраў ад старшыняў калгасаў да кіраўнікоў абласьцей была большай за 51%. Зь іх больш за 14% былі старшыні калгасаў, 21,5% — прадстаўнікі рэгіянальнай адміністрацыйнай эліты, 29,5% — партыйнай. Пры гэтым колькасьць функцыянэраў з цэнтральнай партыйнай і дзяржаўнай эліты ў парлямэнце была ня большая за 10%. У сьценах парлямэнту адбыўся дэбют шмат якіх рэгіяналаў як агульнанацыянальных палітыкаў.

Што да цэнтральнай партыйнай намэнклятуры, то яна была не гатовая да новых адносінаў улады, якія ўзьніклі пасьля здабыцьця Беларусяй незалежнасьці. Разам з прыпыненьнем дзейнасьці КПБ вышэйшыя партыйныя функцыянэры пазбыліся ўсякай улады і амаль бясьсьледна зьніклі з палітычнай сцэны. (На гэтым фоне пазытыўна вылучалася рэфармісцка настроеная група дэпутатаў ВС 12 скліканьня «Камуністы Беларусі за дэмакратыю», найбольш шумным прадстаўніком якой быў А. Лукашэнка. У групу ўваходзіла каля 50 чалавек, але сярод іх не было ніводнага дзеяча, вышэйшага рангаю за кіраўніка прамысловага ці аграрнага прадпрыемства.)

На першыя пазыцыі выйшла намэнклятура цэнтральных органаў дзяржавы, менш уплывовая, менш здольная кантраляваць рэгіёны. Прэм’ер-міністар В. Кебіч, адчуваючы аслабленьне гэтага кантролю, адводзіць свайму намесьніку М. Мясьніковічу функцыю каардынатара па сувязях з рэгіёнамі.

Адзінай групай, якая захавала арганізацыйны патэнцыял, была эліта праваахоўных органаў (КДБ, МУС і г.д.). Яе ўплывовасьць падкрэсьліваецца тым фактам, што кебічаўскі ўрад неаднаразова імкнуўся зьменшыць яе ўплыў. Так, адным з найбольш значных адміністрацыйна-кадравых пераўтварэньняў, заплянаваным яшчэ на 1992 год, была правядзеньне рэформы органаў дзяржаўнага кіраваньня, згодна зь якой КДБ падлягаў частковаму расфармаваньню, скасоўвалася служба вонкавай выведкі. Пытаньне пра расфармаваньне КДБ і перападпарадкаваньне яго службаў МУС і Міністэрству абароны разглядалася ў сьнежні 1993 году ў парлямэнце. У памежных войсках арганізоўвалася служба АСАМ як процівага адпаведнай структуры ў КДБ. Невыпадкова кіраўнікі МУС і КДБ Уладзімер Ягораў і Эдуард Шыркоўскі выразілі рашучы пратэст гэтым плянам.