Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 81

Валер Булгакаў

Зь беларусаў, якія ў гэты час займалі пасады ў саюзным цэнтры, бальшыню складалі прадстаўнікі прамысловай эліты партыйнага паходжаньня. На гэта былі свае прычыны. Якраз буйныя прамысловыя прадпрыемствы былі прадпрыемствамі «агульнасаюзнага значэньня», іх прадстаўнікам было прасьцей прайсьці наверх. У той жа час гэта адпавядала агульнасаюзнай партыйнай лініі, якая стымулявала праходжаньне рэгіянальных элітаў праз цэнтар.

Найбольшая колькасьць функцыянэраў, якія пайшлі на павышэньне ў Маскву або прайшлі праз маскоўскія структуры і вярнуліся на кіраўнічыя пасады ў Беларусь, была акурат зь Менску.

Але пры гэтым ступень ратацыяў зь Менску на кіраўнічыя пасады ў іншыя рэгіёны Беларусі не адрозьнівалася ад звычайнай, дарэчы, вельмі слабой ратацыі паміж абласьцямі. Такім чынам, рэгіянальныя эліты папаўняліся пераважна функцыянэрамі з тых самых рэгіёнаў або прызначэнцамі з саюзнага цэнтру. Гэта значыць, яны ўзнаўлялі мадэль адносін партызанскай эліты: мадэль вэртыкальных сувязяў, якія сягаюць ад высокапастаўленага патрона ў вобласьці да яго пратэжэ на раёне ці ў горадзе.

У выніку ў БССР на пачатку 80-х гадоў склаліся дзьве супрацьлеглыя мадэлі адносінаў у эліце: прамысловая мадэль цэнтральнай рэспубліканскай эліты і аграрная мадэль эліты абласьцей.

Першая выявіла сваю эфэктыўнасьць у прасоўваньні функцыянэраў наверх, але мела малы эфэкт як сыстэма арганізацыі ўлады ў рэгіёнах. Другая мадэль стварала менш шанцаў выйсьці на агульнасаюзны ўзровень, але дазваляла захоўваць кантроль на рэгіянальным узроўні.

Цэнтральная рэспубліканская эліта складалася пераважна з выхадцаў з парткамаў буйных прамысловых прадпрыемстваў.

Рэгіянальныя ж эліты заставаліся пераважна аграрнымі, мелі слабы выхад на рэспубліканскі цэнтар і адначасна адчувалі слабы кадравы ўплыў з гэтага цэнтру.

Пры канцы існаваньня СССР у Беларусі не сфармавалася традыцыі разьмеркаваньня пасадаў, якая б шчыльна зьвязвала рэгіянальныя эліты і эліту рэспубліканскага цэнтру. Яны існавалі адносна ізалявана. Мадэлі іх рэкрутаваньня і разьмеркаваньня пасадаў былі рознымі. Рознымі былі й іх мэты. Каналы рэспубліканскі цэнтар — саюзны цэнтар, саюзны цэнтар — рэспубліканскі цэнтар, саюзны цэнтар — рэгіён рэспублікі былі больш значныя за каналы рэспубліканскі рэгіён — рэспубліканскі цэнтар і рэспубліканскі цэнтар — рэгіён рэспублікі.

Супярэчнасьць інтарэсаў цэнтральнай (прамысловай) і рэгіянальнай (аграрнай) эліты ў адносінах рэспубліканскі цэнтар — рэгіёны рэспублікі выклікала канфлікты паміж «прамыслоўцамі» і «аграрнікамі» на рэгіянальным узроўні.

Такім чынам, з запачаткаваньнем «перестройки» рэгіянальныя і рэспубліканская эліты мелі розныя мэты і розныя матывы паводзінаў. Калі першыя маглі хутка прыстасоўвацца да зьменлівай сытуацыі, каб захаваць свае пазыцыі, то другія былі зацікаўленыя ў захаваньні бязь зьменаў усталяванай сыстэмы адносін улады. Былая гаспадарчая, а цяпер нацыянальная эліта, якая паходзіла з буйных высокатэхналягічных прадпрыемстваў, была больш зарыентавана (і прызвычаена) да галіновых сувязяў з Масквой, зь якой у савецкі час прыходзіла сыравіна і дырэктывы.