Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 80

Валер Булгакаў

Больш ці менш выразныя групы намэнклятурнай эліты на тэрыторыі БССР пачалі фармавацца толькі пасьля другой сусьветнай вайны. Дагэтуль цэнтралізаваная таталітарная ўлада асаблівай кадравай палітыкай, рэпрэсіямі перашкаджала прызначэньню ў рэспубліканскія органы функцыянэраў з рэгіянальнага партыйнага апарату. Перавага прызначэнцаў з саюзнага цэнтру не дазваляла сфармавацца ўстойлівым сувязям унутры рэспубліканскага апарату.

Але ў пасьляваеннае дзесяцігодзьдзе асабістыя, нефармальныя стасункі, якія склаліся ў часе апошняй вайны паміж кіраўнікамі партызанскіх аддзелаў і падпольных арганізацыяў, простымі партызанымі і падпольшчыкамі, стварылі падмурак для пабудовы ў 50—60 х гг. новай сыстэмы ўнутрыэлітных адносін на Беларусі.

Гэтую першую хвалю ўнутрана структураванай намэнклятурнай эліты ў БССР прынята называць «партызанскай элітай». Бальшыня яе чальцоў была зьвязана памяцяй пра сумесную дзейнасьць у партызанскім руху, падпольных партыйных і камсамольскіх арганізацыях.

Да 1956 году першыя сакратары ЦК КПБ прызначаліся з Масквы (Панцеляймон Панамарэнка, Мікалай Гусараў, Мікалай Патолічаў).

У 1956 годзе першым сакратаром ЦК КПБ стаў Кірыла Мазураў, прадстаўнік нацыянальнай эліты. Яго прыход паклаў пачатак хвалі прызначэнцаў з самой Беларусі. Ужо ў сярэдзіне 60-х гадоў з 16 функцыянэраў, якія былі прызначаныя на значныя партыйныя пасады ў Менскай вобласьці, 8 (гэта значыць 50%) мелі за сабой «партызанскую маладосьць». Апошнім кіраўніком рэспублікі, г. зн. першым сакратаром ЦК КПСС, зь ліку «партызанаў» быў Пётра Машэраў.

Адносіны паміж прадстаўнікамі партызанскай эліты будаваліся на прынцыпе клясычнага кліентэлізму. Галоўнымі рэгіёнамі іх рэкрутаваньня сталіся Віцебская і Берасьцейская вобласьці. Галоўнай заслугай гэтай генэрацыі беларускай эліты сталася тое, што дзякуючы ім упершыню склалася акурат унутрыбеларуская лесьвіца заняцьця элітных пасад на падставе асабістых адносінаў.

У 60-70 гг. у БССР будуецца і разьвіваецца шмат буйных прамысловых прадпрыемстваў. Прыкладна тады ж у нетрах беларускага партыйнага і гаспадарчага апарату пачынае фармавацца наступная генэрацыя эліты — прамысловая эліта. Першы вузел адносін паміж элітамі, які будзе значна ўплываць на сыстэму перадзелу ўлады ў краіне нават у пасьлясавецкі час, завязаўся акурат з узмацненьнем прамысловай эліты ў 70-80 гг. Новая прамысловая эліта фармавалася на базе партыйных камітэтаў буйных прадпрыемстваў. Галоўным месцам яе ўзьнікненьня быў Менск, найбольш значнымі прадстаўнікамі — былы першы сакратар ЦК КПБ Мікалай Сьлюнькоў і яго група.

Партызанская эліта трымалася на прынцыпу субардынацыі. Прамысловая ж эліта стварала клястэры з роўных па статусе функцыянэраў, якія дапамагалі адзін аднаму ісьці наверх. Калі «партызаны» часам мелі ня вельмі добрыя адносіны з Масквой (напрыклад, пра адносіны Мазурава і Брэжнева ўспамінаюць і цяпер), то галоўнай мэтай прамысловай эліты стала ў першую чаргу стварэньне свайго лёбі ў саюзным цэнтры — у Маскве.