Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 8

Валер Булгакаў

Пасьля паразы ДКНС пачаўся хуткі распад СССР. У сьнежні 1991 году ў Белавескай пушчы Станіслаў Шушкевіч і Вячаслаў Кебіч падпісалі дакумэнты пра спыненьне існаваньня СССР і ўтварэньне СНД. Беларуская намэнклятура, якая рэагавала на разьвіцьцё падзеяў у Маскве, пазбылася ініцыятывы. З гэтага моманту Масква, якая для старых беларускіх элітаў усё яшчэ заставалася імпэрскім адміністрацыйным і ідэалягічным цэнтрам, канчаткова абірае шлях палітычных і эканамічных рэформаў. Адбываецца актыўны дэмантаж сацыялістычнай сыстэмы ў Расіі. Перамога нацыяналістычных і дэмакратычных рухаў у Прыбалтыцы і Ўкраіне паставілі старыя беларускія эліты перад неабходнасьцю зьдзяйсьненьня самастойнай палітыкі.

Аднак раўнавага сілаў паміж прыхільнікамі рэформаў і старой савецкай элітай, дасягнутая ў 1990 годзе, у цэлым захоўвалася. Пасьля атрыманьня незалежнасьці старая беларуская эліта памяняла сваю кіруючую структуру. Месца Цэнтральнага камітэту Камуністычнай партыі Беларусі заняў Савет міністраў. Вярхоўны Савет практычна цалкам кантраляваўся ўрадавым лёбі, што аб’ядналася ў фракцыю «Беларусь». Аднак, захаваўшы ўладу, старая намэнклятура ня ведала, як яе далей выкарыстоўваць. Яна стала не гаспадаром становішча, а закладнікам. У адрозьненьне ад старой эліты, апазыцыя на чале з БНФ мела адносна ясную праграму, што прадугледжвала ўмацаваньне незалежнасьці, адыход ад Расіі і збліжэньне з Захадам, беларусізацыю, рынкавыя рэформы і дэмакратызацыю грамадзтва. Застаючыся ў меншыні, дэпутаты апазыцыі стала выкарыстоўвалі СМІ, апэлявалі да грамадзкай думкі, набывалі ўплыў, які часткова кампэнсаваў іх малалікасьць у Вярхоўным Савеце.

Знаходзячыся пад ціскам апазыцыі, ня маючы ўласнага пляну дзеяньняў, кіруючая савецкая эліта пайшла на кампраміс. Яна па-ранейшаму захоўвала пад сваім кантролем уладу ў цэнтры і на месцах, кантралявала эканоміку — усё яшчэ дзяржаўную, працэс прыватызацыі і вонкавую палітыку. Ідэалягічная і культурная сфэры, дзе ўжо і без таго дамінавалі прадстаўнікі нацыянальна-дэмакратычнага руху, былі часткова аддадзеныя апазыцыі.

Узімку 1991 і ўвесну 1992 году БНФ выступае з прапановай правесьці агульнанацыянальны рэфэрэндум па пытаньні пра датэрміновыя выбары Вярхоўнага Савету ўвосень 1992 году. Сьпікер Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч ня выкарыстаў сваіх паўнамоцтваў і не падтрымаў БНФ. 1 кастрычніка 1992 году Вярхоўны Савет адхіліў прапанову датэрміновых выбараў, хоць у падтрымку рэфэрэндуму было сабрана 442 000 подпісаў.

ПАРТЫЙНАЕ БУДАЎНІЦТВА

30—31 траўня 1993 году БНФ праводзіць 3-і зьезд. На ім афіцыйна абвяшчаецца стварэньне партыі БНФ і прымаецца праграма, якая сьцьвярджае аднолькавую значнасьць вырашэньня праблемаў нацыянальнага самавызначэньня Беларусі і яе дэмакратызацыі, раўназначнасьць правоў нацыі і правоў асобы. Структура і кіраўніцтва Фронту-руху і Фронту-партыі заставаліся тымі самымі.