Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 7

Валер Булгакаў

Абвяшчэньне сувэрэнітэту Вярхоўным Саветам БССР не было прадыктаванае лібэральна-капіталістычнымі або нацыяналістычнымі памкненьнямі. Гэтая гістарычная для Беларусі падзея была ў найбольшай ступені абумоўленая вонкавымі чыньнікамі. Дэклярацыя аб сувэрэнітэце была прынятая Вярхоўным Саветам БССР толькі пасьля таго, як Зьезд народных дэпутатаў Расіі і Вярхоўная Рада Ўкраіны прынялі такія дакумэнты. Цяпер ужо беларуская намэнклятура імкнулася выкарыстаць незалежнасьць, каб засьцерагчы сябе ад імпарту рэформаў з Масквы. Прыняцьцё Дэклярацыі зацягвалася беларускім Вярхоўным Саветам наколькі гэта было магчымым. А калі Дэклярацыя была ўсё ж прынятая, яна разглядалася бальшынёй у Вярхоўным Савеце БССР як магчымасьць для савецкай беларускай эліты захаваць прывілеі. Дэмакратычна настроеныя дэпутаты, тым больш прыхільнікі рынкавай эканомікі і адпаведнай палітычнай сыстэмы, былі ў меншыні.

ЖНІВЕНЬСКІ ПУТЧ 1991 ГОДУ. АСЛАБЛЕНЬНЕ ПАЗЫЦЫЯЎ САВЕЦКАЙ ЭЛІТЫ. СПАЛУЧЭНЬНЕ ПРАЦЭСАЎ ДЭМАКРАТЫЗАЦЫІ І РЭАКЦЫІ

Тым часам у Беларусі працягвалася фармаваньне новай палітычнай прасторы. 9—10 верасьня ў Менску прайшла ўстаноўчая канфэрэнцыя Аб’яднаньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». 3—4 лістапада ў Менску праходзіць устаноўчы зьезд Аб’яднанай Дэмакратычнай партыі Беларусі. Насельніцтва актывізуецца. 7 лістапада на пляцы Леніна ў Менску адбыўся антыкамуністычны мітынг; 26 лістапада — палітычны страйк работнікаў транспарту.

Праціўнікі рэформаў таксама зьдзяйсьняюць захады ў адказ. 1991 год пачаўся з пагромаў. Пагромы адбыліся ўначы 4 студзеня 1991 году ў рэдакцыях газэты «Літаратуры і мастацтва», часопісаў «Полымя», «Нёман», «Беларусь». Тады ж, у студзені, адбываюцца хваляваньні ў Прыбалтыцы. 13 і 20 студзеня ў Менску ў сувязі з падзеямі ў Вільні прайшлі мітынгі пратэсту.

23 лютага 1991 году ў Менску адбыўся ўстаноўчы зьезд Беларускай Сялянскай партыі. 2—3 сакавіка там жа праходзіць ўстаноўчы зьезд Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Грамады. 23—24 сакавіка Беларускі народны фронт «Адраджэньне» праводзіць 2-гі зьезд, дзе прымаецца новы статут БНФ.

Магутны штуршок разьвіцьцю палітычнай сытуацыі ўнутры Беларусі надалі падзеі ў Расіі. У жніўні 1991 году Бюро Цэнтральнага камітэту Камуністычнай партыі Беларусі падтрымала путч, узначалены ДКНС (ГКЧП), і выступіла са спэцыяльнай заявай, у якой вітала гэтую падзею. Бюро прыняло «Зварот да камуністаў, усіх працоўных рэспублікі». Путч падтрымаў і Старшыня Вярхоўнага Савету БССР Мікалай Дземянцей, які ацаніў дзеяньні ДКНС як канстытуцыйныя.

БНФ ад пачатку безумоўна асудзіў путч. 20 жніўня на пляцы Леніна БНФ правёў мітынг пратэсту. Пасьля паразы путчу ў Маскве Вярхоўны Савет пад ціскам апазыцыі БНФ замест Мікалая Дземянцея абраў старшынём Станіслава Шушкевіча. Вярхоўны Савет Беларусі быў змушаны надаць Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце статус канстытуцыйнага закону. Была прынятая і пастанова пра эканамічную і палітычную незалежнасьць Беларусі. Назвай дзяржавы замест БССР стала Рэспубліка Беларусь. Была прынятая новая сымболіка: бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня». Дзейнасьць КПБ-КПСС была прыпыненая.