Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 9

Валер Булгакаў

БНФ абвясьціў сябе партыяй хутчэй выходзячы з прагматычных меркаваньняў. Паводле ідэалёгіі, БНФ ня партыя, а нацыянальна-вызвольны рух, «як бы рух усяго народу, арыентаваны не на суіснаваньне зь іншымі партыямі і ратацыю ўва ўладзе, а на «татальную» перамогу і радыкальныя пераўтварэньні грамадзтва». Да ўтварэньня новых партыяў БНФ ставіцца насьцярожана. Тым ня менш, у 1990—1992 гадох ідзе актыўны працэс утварэньня новых партыяў.

Яшчэ ў лістападзе 1990 году на базе беларускіх прыхільнікаў «Дэмакратычнай плятформы ў КПСС» узьнікла Аб’яднаная Дэмакратычная партыя. На 2-м зьезьдзе ў 1991 годзе яе ачоліў народны дэпутат СССР Аляксандар Дабравольскі. АДП займае памяркоўную пазыцыю ў адносінах да дзяржаўнасьці беларускай мовы і аб’ядноўвае пераважна расейскамоўную інтэлігенцыю.

У лютым 1991 году ствараецца Беларуская сялянская партыя. У сакавіку 1991 году праходзіць устаноўчы зьезд Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Грамады, якая абвясьціла пераемнасьць зь Беларускай Сацыялістычнай Грамадой, партыяй, якая існавала ў пачатку ХХ стагодзьдзя. У БСДГ сышла памяркоўная і зьвязаная з ранейшым істэблішмэнтам частка БНФ. У яе таксама ўступілі некаторыя прадстаўнікі істэблішмэнту, якія не былі ў БНФ. У ідэалягічным пляне БСДГ нязначна адрозьнівалася ад БНФ. Гэта была хутчэй не сацыял-дэмакратычная, а нацыянальна-дэмакратычная партыя.

У чэрвені 1991 году адбываецца ўстаноўчая канфэрэнцыя Беларускай Хрысьціянска-дэмакратычнай злучнасьці. У ліпені ўзьнікае Нацыянальна-дэмакратычная партыя Беларусі (для яе сяброў было пажаданым валоданьне беларускай мовай).

Пры канцы 1991 году група расійскамоўнае інтэлігенцыі далучылася да расійскага Руху за дэмакратычныя рэформы і стварыла арганізацыю РДР «Дэмакратычная Беларусь». РДР была зарэгістраваная ў лютым 1992 году. Пазьней частка яго ўдзельнікаў увайшла ў АГП. Іншая частка створыць у 1996—1997 годзе прарасійскае дэмакратычнае аб’яднаньне «Яблоко».

У 1992 годзе ўзьнікае Партыя народнай згоды (ПНЗ) на чале з мэрам гораду Маладэчна, дэпутатам Вярхоўнага Савету Генадзем Карпенкам. У яе ўвайшлі многія прадстаўнікі кіруючай эліты сярэдняга ўзроўню. Варта адзначыць, што ў 1992 годзе будучы прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка быў адным з двух сустаршыняў ПНЗ. Гэтая партыя была першай у ліку тых, хто падтрымаў маладога і незалежнага Аляксандра Лукашэнку на прэзыдэнцкіх выбарах 1994 году. Партыя ня мела выразнай ідэалёгіі. У далейшым Генадзь Карпенка быў выключаны з партыі, а шэраг лідэраў другога эшалёну стаў супрацоўнічаць з Аляксандрам Лукашэнкам.

АДП і РДР-ДБ, схільныя да лібэральнай ідэалёгіі, у выніку прыйшлі да стварэньня Аб’яднанай Грамадзянскай партыі.

Стасункі паміж БНФ і новымі дэмакратычнымі партыямі разьвіваліся дастаткова складана. Партыі імкнуліся да альянсу з БНФ — найбольш магутнай арганізацыяй, апазыцыйнай старой савецкай эліце. На пачатку 1992 году Беларуская Сацыял-Дэмакратычная Грамада выйшла з ініцыятывай стварэньня шырокага блёку «Новая Беларусь». Меркавалася аб’яднаць у ім усе дэмакратычныя партыі і прафэсійныя саюзы, улучна з афіцыйнымі. БНФ быў рэзка супраць. Пры канцы 1992 году была створаная для сталай працы Кансультацыйная рада дэмакратычных сілаў, але БНФ пагадзіўся браць удзел у радзе толькі ў якасьці назіральніка. Кансалідацыі ўсіх дэмакратычных сілаў, здольных супрацьстаяць старой сыстэме ўлады, не адбылося.