Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 10

Валер Булгакаў

Паралельна з разьвіцьцём партый на падмурку нацыянальна-дэмакратычнага руху ў Беларусі паступова адбываўся паўзучы камуністычны рэванш. Пасьля правалу путчу ДКНС у жніўні 1991 году дзейнасьць камуністычнай партыі ў Беларусі была часова прыпыненая. Аднак ужо 7 сьнежня 1991 году ў Менску пры ўдзеле 320 дэлегатаў адбыўся ўстаноўчы зьезд Партыі камуністаў Беларусі. Ініцыятарамі выступілі партыйныя функцыянэры сярэдняга і ніжняга зьвёнаў КПБ-КПСС, такія як Віктар Чыкін, Васіль Новікаў, Сяргей Калякін. У 1992 годзе ствараецца фракцыя ПКБ у Вярхоўным Савеце Беларусі, якая налічвала 58 дэпутатаў. Бальшыню фракцыі склалі дэпутаты ад арганізацыяў вэтэранаў і інвалідаў. Толькі 12 чальцоў фракцыі былі беспасярэднімі чальцамі ПКБ.

14 лютага 1993 году, пасьля шматлікіх патрабаваньняў ПКБ, Вярхоўны Савет Беларусі скасаваў пастанову пра часовае спыненьне дзейнасьці КПБ. Легалізацыі Камуністычнай партыі Беларусі дапамагло расьсьледаваньне пракуратуры, якое не пацьвердзіла ўдзелу КПБ у змове ДКНС. Асабліва трывалыя пазыцыі ў параўнаньні з партыямі дэмакратычнай арыентацыі, чыё зьяўленьне і разьвіцьцё зьвязаныя пераважна зь Менскам, камуністы заваявалі ў беларускіх рэгіёнах.

У праграме ПКБ адной з асноўных мэтаў абвяшчалася аднаўленьне СССР. У гэтым імкненьні камуністы былі блізкія да партыяў, што вызнавалі ідэі панславізму і адзінства «славяна-рускага народу». Усе яны так ці йначай адмаўлялі беларускай нацыі ў гістарычнай самастойнасьці. Характэрна, што партыі, аналягічныя расійскім нэафашыстам, якія адсутнічалі ў іншых былых рэспубліках СССР, зьяўляліся ў Беларусі зь яе русіфікаваным, маргіналізаваным у этнакультурных адносінах насельніцтвам.

Няхай і ня так шырока, як у Расіі, у Беларусі ўзьнік фэномэн, аналягічны расійскаму нацыяналізму. Славянскі Сабор «Белая Русь», створаны ў чэрвені 1992 году, найбольш вядомая некамуністычная партыя, якая выступае за дзяржаўнае аб’яднаньне славянаў на чале з Расіяй. Партыя супрацоўнічала з Расійскім нацыянальным саборам. Увесну 1993 году яна выступіла адным з ініцыятараў стварэньня Народнага Руху Беларусі, НРБ, які на нейкі час аб’яднаў камуністаў і панславістаў. У верасьні 1993 году НРБ арганізаваў так званы Кангрэс народу Беларусі, які патрабаваў скасаваць белавескія пагадненьні. У 1993—1994 гадох НРБ сумесна з камуністамі падтрымлівалі прэм’ер-міністра Беларусі Вячаслава Кебіча пры стварэньні адзінай грашовай сыстэмы Беларусі і Расіі.

У 1992 годзе была створаная Аграрная партыя, якая аб’яднала старшыняў калгасаў. У 1993—94 гадох яе кіраўнік Сямён Шарэцкі быў дарадцам прэм’ер-міністра Беларусі Вячаслава Кебіча па сельскай гаспадарцы.

У цэлым, узьніклыя партыі запаўнялі палітычны спэктар Беларусі. Але, як адзначаюць Галіна Дракахруст, Юры Дракахруст і Дзьмітры Фурман, «гэтая нібыта ўсеахопная палітычная сыстэма была вельмі слабой і нетрывалай». Прыхільнікі партыяў і іх склад былі крайне малалікія, за выключэньнем БНФ. Ніводная з партыяў не знаходзілася ўва ўладзе. Сама ж кіруючая эліта, старая савецкая намэнклятура, пасьля страты канстытуцыйных прывілеяў кампартыі зьдзяйсьняла сваю ўладу па-за ўсялякай партыйнай сыстэмай.