Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 6

Валер Булгакаў

У 1990 годзе ў Беларусі адбываюцца акцыі ў падтрымку дэмакратычных рэформаў. 25 сакавіка ў Менску легальна адзначаюцца ўгодкі абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. 26 красавіка ў Гомелі бастуюць працоўныя прадпрыемстваў, патрабуючы паскорыць ліквідацыю наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. У траўні 1990 году была створаная Партыя незалежнасьці Беларусі. Тады ж прайшоў шэраг грамадзкіх акцыяў, зьвязаных з працай 1-й сэсіі Вярхоўнага Савету БССР. 2 чэрвеня Рабочы саюз Беларусі арганізаваў мітынг памяці ахвараў Навачаркаскага расстрэлу рабочых у 1962 годзе. 16 чэрвеня ствараецца арганізацыйны камітэт Беларускай каталіцкай Грамады. 16—17 чэрвеня ў Горадні адбываецца ўстаноўчы зьезд «Саюзу палякаў Беларусі». 23—24 чэрвеня ў Менску праходзіць устаноўчы зьезд Нацыянальна-дэмакратычнай партыі Беларусі.

1990 год быў годам заняпаду савецкай імпэрыі. Вынікам цэнтрабежных сілаў у СССР стаў так званы парад сувэрэнітэтаў. На працягу 1990 году саюзныя рэспублікі прымалі афіцыйныя акты аб сувэрэнітэце. 30 чэрвеня — 1 ліпеня 1990 году на канфэрэнцыі БНФ была прынятая Дэклярацыя аб дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі. Паводле гэтай дэклярацыі, найважнейшым заданьнем руху было дасягненьне поўнага сувэрэнітэту Беларусі. Апазыцыя БНФ у Вярхоўным Савеце настойвала на прыняцьці адпаведных дакумэнтаў, аднак бальшыня Вярхоўнага Савету, прадстаўленая савецкай партыйнай намэнклятурай, блякавала ініцыятывы апазыцыі, вінавацячы яе ў сэпаратызьме і нацыяналізьме.

Тым ня менш, 27 ліпеня 1990 году Вярхоўны Савет Беларусі, на прапанову старшыні Мікалая Дземянцея, прыняў Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР. Дэклярацыя абвяшчала поўны дзяржаўны сувэрэнітэт Беларускай ССР як вяршэнства, самастойнасьць і паўніню дзяржаўнай улады Беларусі ў межах яе тэрыторыі, яе незалежнасьць ў замежных стасунках. Было заяўлена пра вяршэнства Канстытуцыі і законаў Беларусі на яе тэрыторыі; зямля, яе нетры абвяшчаліся ўласнасьцю беларускага народу. Ствараліся Нацыянальны банк, уласная падатковая й мытная службы. Артыкул 110 прадугледжваў права Беларусі на ўласныя ўзброеныя сілы, органы бясьпекі. Вайсковыя фармаваньні і базы іншых дзяржаваў маглі быць разьмешчаныя на тэрыторыі рэспублікі толькі пры згодзе Вярхоўнага Савету. Былі абвешчаныя бязьядравы статус і нэўтралітэт Беларускай ССР. Дзень 27 ліпеня быў прагалошаны дзяржаўным сьвятам.