Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 76

Валер Булгакаў

Структурным адрозьненьнем беларускай палітычнай сыстэмы застаецца дамінаваньне адміністрацыйна-разьмеркавальных стасункаў. Фэномэн «улады-ўласнасьці», калі ўлада першасная, а ўласнасьць выступае яе функцыяй, дае неаспрэчнае права адміністрацыйна-бюракратычнаму апарату на цэнтралізаванае пераразьмеркаваньне ўсіх каштоўнасьцяў і дабротаў. Дамінаваньне пераразьмеркавальнага тыпу публічнай палітыкі спалучанае зь вядучай роляй бюракратыі і высокай ступеньню імавернасьці ўжыцьця гвалту. Гэта вядзе да таго, што ўлада выступае ня столькі як інструмэнтальны сродак, колькі як найвышэйшая каштоўнасьць сама па сабе.

Бюракратыя як самастойны актор

Сучасная ўрадавая ўстанова — шматузроўневая арганізацыя, што акумулюе вялізныя веды й досьвед у сваёй спэцыфічнай сфэры. Ведамствы вылучаюць свае інтарэсы і прыярытэты. Яны маюць шырокую сетку сувязяў (традыцыяў, пагадненьняў, пэрсанальных стасункаў у сваіх сфэрах) як зь іншымі ведамствамі, гэтак і з групамі інтарэсу. Бюракратыя імкнецца адыгрываць самастойную палітычную ролю. Кантроль над ажыцьцяўленьнем прынятых рашэньняў — крыніца бюракратычнай улады. Прыкладам, распад СССР стаў абвальным акурат тады, калі намэнклятура пайшла на зьмены ў сыстэме кіраўніцтва.

Крыніцы бюракратычнай улады: разьмеркаваньне бюджэтных рэсурсаў, крэдытаў, наданьне ільготаў; імкненьне да павелічэньня штатаў, бюджэту, паўнамоцтваў; уплыў на СМІ з мэтай фільтрацыі непажаданай інфармацыі або распаўсюджаньне ілжывай інфармацыі.

У Беларусі мы маем прыклад прыватызацыі чыноўнікамі іх кіраўнічых функцыяў. Поўнамоцтвы, сфэра дзейнасьці і нават службовыя абавязкі становяцца рэсурсам чыноўніка. Гэта пацьвярджае ўскладненая працэдура рэгістрацыі прыватнага бізнэсу й пэрманэнтныя кампаніі па перарэгістрацыі прадпрымальнікаў, ліцэнзаваньне відаў дзейнасьці, магчымае фінансаваньне зь бюджэту, атрыманьне значэннай інфармацыі і г.д. Чыноўнікі найвышэйшага рангу сваім апякунствам ствараюць «страху» для бізнэсу, атрымліваючы за гэта неблагія дывідэнды. Парасткі рынкавых стасункаў — найважнейшы рэсурс для бюракратыі. Можна ўпэўнена сьцьвярджаць, што сэктар сацыяльнай, але рынкава арыентаванай эканомікі будзе зьберагацца пры любым магчымым узмацненьні дзяржаўнай улады.

У Беларусі склаўся звышцэнтралізаваны рынак з абмежаванай канкурэнцыяй, адбылося «абуржуазьніваньне» бюракратычных структураў. Такі дзікі рынак стрымлівае і эканамічнае разьвіцьцё, і станаўленьне прафэсійнага мэнэджмэнту.

У канкурэнтнай сацыяльнай сыстэме дзяржаўныя ўстановы закліканыя аказваць разнастайныя паслугі насельніцтву побач зь недзяржаўнымі й прыватнымі арганізацыямі. Больш за тое, з мэтаю павышэньня эфэктыўнасьці працы дзяржапарату і эканоміі бюджэтных рэсурсаў некаторыя кіраўнічыя функцыі аддаюцца ў сфэру прыватнага сэктару. Безмоўна, гэта магчыма пры разьвітай сыстэме афармленьня інтарэсаў і гарантыях правоў уласнасьці. Недзяржаўныя аб’яднаньні і асацыяцыі грамадзянаў у разьвітых краінах складаюць канкурэнцыю і кантралююць працу дзяржаўных агенцыяў.