Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 74

Валер Булгакаў

Яшчэ адна захаваная дасюль тэндэнцыя, якая таксама выразна праявілася ў разгляданы намі пэрыяд усталяваньня прэзыдэнцтва — гэта ўзрастаньне ролі Адміністрацыі прэзыдэнта ў дзяржаўным кіраваньні Беларусі. У 1994 годзе яе кіраўніком стаў Леанід Сініцын. Пачаткова гэтая структура занялася кантролем над кадравай палітыкай у пабудове органаў дзяржкіраваньня. Прыкладам, ужо ў жніўні 1994 г. у адным з інтэрвію кіраўнік Адміністрацыі заявіў, што структура ўраду вызначаная і ўлучае 25 міністэрстваў і Камітэт дзяржаўнае бясьпекі.

Кадры Адміністрацыі прэзыдэнта ў 1994 г.: намесьнікі кіраўніка Адміністрацыі Міхаіл Сазонаў, Васіль Даўгалёў (начальнік службы кантролю); Віктар Кучынскі (памочнік прэзыдэнта ў асаблівых даручэньнях); Віктар Шэйман (дзяржаўны сакратар Рады бясьпекі); Аляксандар Фядута (кіраўнік Упраўленьня грамадзка-палітычнай інфармацыі). Назавем некаторыя імёны кіраўнікоў ураду таго пэрыяду: Павал Казлоўскі — міністар абароны; Юры Захаранка — міністар унутраных справаў; Уладзімер Ягораў — старшыня КДБ; Барыс Батура — міністар эканомікі; Міхаіл Марыніч — міністар вонкаваэканамічных сувязяў; Вольга Даргель — міністар сацыяльнай абароны; Васіль Стражаў — міністар адукацыі й навукі; Інэса Драбышэўская — міністар аховы здароўя.

У сьпісе кіраўнікоў «першай хвалі» шмат імёнаў публічных палітыкаў, якія потым перайшлі ў адкрытую апазыцыю цяперашнім уладам. Адным зь іх спатрэбіліся гады, іншым — лічаныя месяцы дзеля перагляду сваіх пазыцыяў. Паказальны прыклад начальніка Ўпраўленьня ў справах тэрыторыяў Адміністрацыі, даверанай асобы Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах 1994 г. Віктара Цярэшчанкі, які ўжо ў верасьні 1994 г. пайшоў у адстаўку ў сувязі зь нязгодай з кадравай палітыкай Лукашэнкі.

Адной зь першых ластавак у супрацьстаяньні прэзыдэнта й парлямэнту сталі спрэчкі аб стварэньні Ўпраўленьня справамі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі ў 1994 г. Старшыня Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб рэзка раскрытыкаваў Указ прэзыдэнта № 9 аб утварэньні вышэйзгаданага ўпраўленьня і запатрабаваў скасаваць пункты, датычныя фінансавага, матэрыяльна-тэхнічнага й сацыяльна-бытавога забесьпячэньня ВС з боку ўпраўленьня.