Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 75

Валер Булгакаў

Зь верасьня 1995 г. у якасьці самастойнага органа ствараецца ГУДА (Галоўнае ўпраўленьне дзяржаўнай аховы) пры прэзыдэнту, беспасярэдне падпарадкаванае прэзыдэнту і дзяржсакратару Рады бясьпекі і прызначанае для аховы аб’ектаў дзяржаўнага значэньня. Яго начальнікам быў прызначаны дэпутат ВС 13 скліканьня, палкоўнік Міхаіл Цесавец.

Сілавыя органы ў структуры дзяржаўнай улады і кіраваньня ў літаральным сэнсе маюць вялікую вагу: МУС, КДБ, ахова прэзыдэнта паводле розных меркаваньняў складаюць каля 120.000 чалавек.

Узроўні прыняцьця рашэньняў

Аналізуючы сыстэму дзяржаўнай улады, мы павінны зыходзіць з разьдзяленьня бюракратыі на два ўзроўні — палітычны й прафэсійны. Да палітычнага ўзроўню належыць вузкі слой вышэйшай і часткова сярэдняй бюракратыі, што займае такія дзяржаўныя пасады, якія дазваляюць ім у рамках Канстытуцыі праводзіць у жыцьцё пэўны палітычны курс. Асноўная маса дзяржслужбоўцаў належыць да другога ўзроўню.

Гэтае разьдзяленьне павінна суадносіцца з асноватворнымі канстытуцыйнымі актамі дзяржавы, калі ў дэмакратычных краінах да ўзроўню прафэсійных публічных палітыкаў належаць, як правіла, выбарныя афіцыйныя асобы. Адпаведна, яны наўпрост адказныя перад сваімі выбарцамі і, што ня менш важна, маюць шырокія паўнамоцтвы для прыняцьця ўладных пастановаў і іх рэалізацыі.

У Беларусі найбольшымі паўнамоцтвамі ўва ўладнае гіерархіі валодаюць службовыя асобы, чый статус не адлюстраваны ў Асноўным Законе краіны. Рэальная сыстэма прыняцьця рашэньняў у Беларусі не супадае з канстытуцыйна вызначанымі органамі дзяржаўнага кіраваньня. Разгледзім асноўныя ўзроўні прыняцьця рашэньняў.

Першы ўзровень — Адміністрацыя прэзыдэнта (больш дакладна, яе вышэйшыя эшалёны): каля сотні чалавек, якія ў сваім распараджэньні маюць да 90 адсоткаў дзяржаўнай уласнасьці.

Другі ўзровень — сярэдняе зьвяно Адміністрацыі прэзыдэнта, Рада бясьпекі, Камітэт дзяржкантролю, КДБ.

Савет міністраў, 24 міністэрствы й 18 дзяржаўных камітэтаў (дадзеныя на стан 09.09.2001. — рэд.) можна аднесьці толькі да трэцяга ўзроўню, а мясцовыя выканаўчыя і адміністрацыйныя органы — да чацьвертага.

Дзяржслужбоўцы цалкам залежаць ад вышэйшых узроўняў уладнае гіерархіі як з адміністрацыйнага, так і зь фінансавага боку. Апрача гэтага, кіраўнікі структурных падразьдзяленьняў розных узроўняў могуць стаць ахвярай прэзыдэнцкіх рашэньняў.

Асобна можна вылучыць групу, якую прадстаўляюць дырэктары буйных дзяржаўных прадпрыемстваў, кіраўнікі калгасаў, а таксама дэпутаты парлямэнту.

Цэнтралізацыя сыстэмы прыняцьця рашэньняў у Беларусі сёньня вышэйшая, чымся гэта было ў былым СССР. Цэльная сыстэма дзяржкіраваньня існуе адно як прывадны рэмень паміж грамадзтвам і прэзыдэнтам. Значэнным фактам зьяўляецца тое, што манаполія выканаўчай улады дасягаецца сродкамі заканадаўчага рэгуляваньня, што было характэрным і для савецкай дзяржаўна-адміністрацыйнай практыкі, у намаганьні захаваць патэрналісцкую ролю дзяржавы.