Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 77

Валер Булгакаў

Роля адміністрацыйна-бюракратычнага апарату ў Беларусі можа ацэньвацца дваіста: з аднаго боку, трывалае сацыяльнае і фінансавае становішча; зь іншага — надзвычай хісткія пазыцыі.

Першае — чаму пазыцыі бюракратыі трывалыя. Колькасьць дзяржчыноўнікаў у Беларусі 108 тысячаў. Дзеля параўнаньня — у 80-я гады ў БССР было каля 73 тысячаў чыноўнікаў.

Існуе шмат магчымасьцяў даць чыноўніку зарабіць, нават не выкарыстоўваючы «пазабюджэтныя фонды»: бартэрныя апэрацыі і ўзаемазалікі паміж суб’ектамі гаспадараньня, валютныя спэкуляцыі, апекаваньне газавым і нафтавым бізнэсам, магчымасьць стаць заступнікам прыватнага натарыюса або аўдытара, доступ да разьмеркаваньня бюджэтнага жытла. Для чыноўнікаў існуе мноства магчымасьцяў іншага роду: спэцыяльнае мэдычнае абслугоўваньне, бясплатная прэстыжная адукацыя, ільготныя пуцёўкі ў найлепшыя дамы адпачынку, узнагароды й званьні. Значна вышэй, чымся магчымасьць «прыватызацыі» кіраўнічых функцыяў, цэніцца магчымасьць «далучыцца да цывілізаванага сьвету» ў выглядзе замежных камандзіровак і выплаты сутачных у цьвёрдай валюце. Вяршыня чыноўніцкага лёту — атрыманьне дыпляматычнай пасады за мяжой і пасільны ўнёсак у пераадоленьне міжнароднай ізаляцыі Беларусі.

Другое — чаму пазыцыі чыноўнікаў хісткія. Многія прадстаўнікі цяперашніх уладных структураў зьвязаныя з рэжымам і матэрыяльнымі, і палітычнымі, і асабістымі абавязкамі. Няўстойлівасьць вызначаецца асабістай «васальнай» залежнасьцю ад патрона, магчымасьцю стаць ахвярай клопату за народныя інтарэсы ў выглядзе кампаніі па барацьбе з карупцыяй. Трэба адрозьніваць карупцыю рэальную і карупцыю як «сымулякр» (маецца на ўвазе сымуляцыя навядзеньня парадку).

З боку Лукашэнкі і афіцыйных СМІ неаднойчы чуліся як запалохвальныя, так і пагардлівыя выказваньні на адрас адміністрацыйна-бюракратычнага апарату: «агрэсіўна-баязьлівае чынавенскае атачэньне» («Знамя юности», 16.06.1998); «чыноўнікі загразьлі ў інтрыгах і звадах», корань сацыяльных праблемаў у «бескантрольным і карумпаваным чынавенстве — той рэальнай уладзе, якая ўзьнялася над намі» («7 дней», 21.03.1998).

Раскручваньне праблемы карупцыі — зручная магчымасьць для набыцьця палітычнага капіталу. Згадайма «торбы кампрамату», сьпісы карупцыянэраў, складзеныя А. Лукашэнкам падчас ягонага дэпутацтва ў Вярхоўным Савеце. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў адной з буйных справаў стала адстаўка міністра лясной гаспадаркі Георгія Маркоўскага і абвінавачаньне яго ў злоўжываньнях і безадказнасьці. У верасьні 1994 г. адбылася яшчэ адна адстаўка: міністар абароны Павал Казлоўскі паніжаны ў званьні да генэрал-лейтэнанта за «злоўжываньні службовым становішчам» (затым пасаду міністра абароны займалі Анатоль Касьценка, Леанід Мальцаў, Аляксандар Чумакоў, ізноў Леанід Мальцаў).

Уздым барацьбы з карупцыяй адбываецца ў 1997 г.: арышты старшыні Нацыянальнага банку Тамары Віньнікавай (і паралельнае ўзмацненьне пазыцыяў Пятра Пракаповіча) і міністра сельскай гаспадаркі Васіля Лявонава (неўзабаве пасьля забойства Яўгена Мікалуцкага — прадстаўніка Камітэту дзяржкантролю па Магілёўскай вобласьці ў кастрычніку 1997 г.).