Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 78

Валер Булгакаў

Тут можна прасачыць заканамернасьць: з аднаго боку запалохваньне і адкрыты шантаж нескароных кіраўнікоў, зь іншага — тэхналёгія барацьбы за рэсурсы празь ліквідацыю канкурэнтаў.

Прыкладамі рэальнай карупцыі зьяўляецца дзейнасьць фундацыі Махмуда Эсамбаева і фірмы «Торгэкспо» (створаныя ў 1995 г.). У 1996 г. гэтыя структуры вызваляюцца ад уплаты мытных плацяжоў, акцызаў, ПДВ, займаюцца транспартаваньнем тавараў у Расію. Шкода бюджэту Беларусі за 1995 г. — люты 1996 г. склала 320 млн. $, г. зн. 11% гадавога дзяржбюджэту. Яшчэ прыклад — Указам № 291 18 ад 01.08.95 было створанае прадпрыемства «Белспецвнешторг» дзеля «эфэктыўнага выкарыстаньня й рэалізацыі вызваленага ўзбраеньня, вайсковай тэхнікі, тавараў ВПК». Адна з буйных справаў — продаж партыі Міг 29 у Пэру.

Кампаніі па пакараньні нядбайных кіраўнікоў, па ўмацаваньні працоўнай дысцыпліны, па барацьбе з карупцыяй заўсёды маюць на ўвазе дзьве мэты. З аднаго боку, вонкавая мэта — узьдзеяньне на грамадзкую думку дзеля павышэньня аўтарытэту ўлады. Зь іншага боку, унутраныя мэты — кантроль за найбліжшым абкружэньнем з мэтай папярэджаньня змоваў і інтрыгаў.

Прэзыдэнцкая вэртыкаль улады ў Беларусі — ня столькі апора, колькі закладнік дзяржаўнай палітыкі. Стыль «сэлектарных нарадаў», адкрытыя абразы і пагардлівае стаўленьне да чыноўнікаў рознага, нават самага высокага ўзроўню ўмацаваліся як звычайная практыка ў стасунках «кіраўнік-падначалены». Паводле апытаньняў НІСЭПД (ліпень 2001 г.), да 80% «вэртыкалі» незадаволеныя існуючым парадкам рэчаў.

Некаторыя з функцыянэраў беларускага рэжыму наважваюцца на адкрыты пратэст супраць сыстэмы ўлады, напрыклад, былыя кіраўнік Упраўленьня справаў прэзыдэнта Іван Ціцянкоў і Генэральны пракурор Алег Бажэлка. У траўні 2001 г. самахоць пайшоў у адстаўку Ўладзімер Сьцяпанаў, намесьнік старшыні Берасьцейскага аблвыканкаму. У чэрвені з просьбай пра адстаўку зьвярнуўся старшыня НДТРК Віктар Чыкін. Найбольш вернымі «лукашэнкаўцамі» застаюцца Віктар Шэйман, Урал Латыпаў, Уладзімер Замяталін, Леанід Козік, Пётра Пракаповіч, Міхаіл Мясьніковіч, Аляксандар Абрамовіч, Васіль Даўгалёў, Мікалай Дамашкевіч.

У пераходных грамадзтвах дзеля выхаду з крызысу і фармаваньня рынкавых стасункаў трэба скарачаць дырэктыўны пачатак у дзяржаўным кіраваньні. У выніку расьце патрэба ў прафэсійных адміністратарах. Сёньня выпадае гаварыць ня столькі пра прынцыпы эфэктыўнасьці адміністрацыйнага апарату, колькі пра ягоную палітызацыю, што зьяўляецца адметнай рысай недэмакратычных рэжымаў. Калі дзяржаўнае кіраваньне заснаванае на «кіруючай» ролі або адданасьці, сьляпым падпарадкаваньні правадыру, дык функцыі адміністрацыі зводзяцца да формулы «загад-выкананьне», і пра дальнабачную дзяржаўную палітыку няма й гаворкі.

Беларуская намэнклятура і лініі разлому ў яе асяродзьдзі

У самых агульных рысах працэс пераўтварэньняў у недэмакратычных краінах можна ахарактарызаваць як змаганьне дзьвюх сілаў. З аднаго боку — прагрэсіўнай часткі грамадзтва, прадстаўленай інстытутамі грамадзянскай супольнасьці. Пад уплывам розных фактараў — эканамічных, культурных і палітычных — гэтыя інстытуты прачынаюцца ад «замарожанага» стану і ствараюць пазытыўную контраэліту. З другога — кансэрватыўнай кіруючай эліты, якая імкнецца як мага затрымаць гэты «замарожаны» стан, каб захаваць сваю ўладу. Першыя ўвасабляюць сабой дынамічны вэктар пераменаў у грамадзкім і палітычным жыцьці. Другія — кансэрватыўны вэктар захаваньня старога парадку.