Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 73

Валер Булгакаў

Прэзыдэнцкія выбары і перамога Лукашэнкі адкрылі шлях на вышэйшыя пасады іншай групоўцы выхадцаў з намэнклятуры, менш рэспэктабэльнай паводле свайго сацыяльнага паходжаньня, але ня менш амбітнай. Гэта былі «старыя камсамольцы й маладыя камуністы». Шэраг вышэйшых кіраўнікоў, зацьверджаных у ліпені 1994 году, дагэтуль працаваў у ЦК КПБ, Савеце міністраў ці яго структурах.

Другі пэрыяд — 1994-1996 гады — парлямэнцка-прэзыдэнцкая сыстэма кіраваньня. Яна характарызуецца ўзьнікненьнем жорсткага супрацьстаяньня паміж прэзыдэнтам і парлямэнтам, канстытуцыйным крызысам восені 1996 году. У канцы 1996 году складаецца супэрпрэзыдэнцкая сыстэма.

Асноўным «дасягненьнем» і вынікам гэтага пэрыяду зьяўляецца стварэньне ўладнай вэртыкалі. Рэгіянальная бюракратыя да першых прэзыдэнцкіх выбараў была адданая В. Кебічу. Лукашэнка лёгка пераадолеў слабыя сумненьні і былыя сымпатыі мясцовых уладаў, выкарыстоўваючы заканадаўчыя мэханізмы. Была праведзеная рэформа сыстэмы органаў мясцовай улады (ухваленая парлямэнтам у кастрычніку 1994 году).

Зьмены Закону аб мясцовым самакіраваньні моцна ўдарылі па сыстэме Саветаў як органаў мясцовага самакіраваньня, замяніўшы яе скразной сыстэмай дзяржаўнага кіраваньня. Уся ўлада на мясцовым узроўні была аддадзеная прэзыдэнцкім структурам — вэртыкалі ўлады. Як вядома, бальшыня прадстаўнікоў цяперашняй выканаўчай улады — ураджэнцы Магілёўскай вобласьці, якія сваім кар’ерным ростам абавязаныя асабіста прэзыдэнту.

Такім чынам, Рэспубліка Беларусь, як і шэраг іншых рэспублік былога СССР, пайшла па шляху парлямэнцка-прэзыдэнцкай сыстэмы кіраваньня. Аднак выявілася, што гэтая сыстэма нетрывалая, узьнікла супрацьстаяньне паміж выканаўчай і заканадаўчай уладай, шэраг палітычных крызысаў.

Пры фармальным захаваньні парлямэнцка-прэзыдэнцкай сыстэмы адбываўся няўхільны рост паўнамоцтваў прэзыдэнта, што замацоўваецца заканадаўча. Гэта прывяло да пераўтварэньня выканаўчай улады ў дамінуючую галіну пад прыкрыцьцём рыторыкі пра фармаваньне цэнтру эфэктыўнага палітычнага кіраўніцтва. На практыцы неразьвітасьць грамадзтва дазваляе гэтай галіне ўлады ўсё больш і больш выходзіць з-пад кантролю. Больш за тое, гэта вядзе да зьнішчэньня ня толькі самой сыстэмы разьдзяленьня ўладаў, але й любога падабенства сыстэмы стрымак і супрацьвагаў. Фармуецца адміністрацыйны апарат адзінаўладзьдзя, то бок вэртыкаль улады. Гэтую сыстэму арганізацыі ўлады можна ахарактарызаваць як такі спосаб вытворчасьці, калі галоўным эксплюататарам становіцца дзяржава ў асобе адміністрацыйна-бюракратычнага апарату.

Больш падрабязна спынімся на працэсах структураваньня органаў дзяржаўнага кіраваньня ў гэты пэрыяд. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў пасаду прэм’ер-міністра заняў Міхаіл Чыгір. Яго намесьнікамі (віцэ-прэм’ерамі) сталі Міхаіл Мясьніковіч, Сяргей Лінг, Уладзімер Гаркун і Віктар Ганчар. На пачатку сваёй прэм’ерскай дзейнасьці Чыгір выступае з праграмнай прамовай пра скарачэньне апарату кіраваньня, пра адыход ад галіновай структуры міністэрстваў, скарачэньне колькасьці міністэрстваў ад 36 (як гэта было за В. Кебічам) да 24. Аднак гэтыя ідэі, зрэшты, як і сама ідэя стварэньня ўладнай вэртыкалі, не былі чымсьці новым. Уважліва аналізуючы адну з праграмных прамоваў Кебіча — «Мы стаім на гістарычным скрыжаваньні» (сакавік 1994 г.), — знаходзім наступнае: «...узбуйніць блёкі дзяржкіраваньня, пашырыць кампэтэнцыю міністэрстваў, скараціць 13 зь іх, на 12% скараціць колькасьць работнікаў»; і яшчэ: «...разьмежаваць функцыі мясцовых органаў улады і кіраваньня і прадстаўнічай улады на месцах (Саветаў), рашуча скараціць колькасьць мясцовых прадстаўнічых органаў; старшыняў абласных Саветаў павінен зацьвярджаць кіраўнік выканаўчай улады дзяржавы». Гэты прыклад вельмі добра ілюструе становішча, ролю адміністрацыйна-бюракратычнага апарату ў палітычнай сыстэме. Бюракратыя — гэта вельмі стабільны і кансэрватыўны кампанэнт цэнтру прыняцьця палітычных пастановаў.