Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 72

Валер Булгакаў

ВЫСНОВЫ

У выніку палітычнай і прававой трансфармацыі статус Канстытуцыйнага Суду ў сыстэме органаў дзяржаўнай улады рэзка зьнізіўся. Ён хутчэй выконвае ролю дэкарацыі, чымся рэальна дзейснага органа канстытуцыйнага кантролю. Ягонай «доляй» сталі справы, зьвязаныя з праверкай канстытуцыйнасьці асобных палажэньняў законаў, пастановаў ураду і ведамасных нарматыўных актаў. Заключэньні суду ў гэтых справах практычна не ўплываюць на сытуацыю з законнасьцю і правамі чалавека ў краіне.

Паказальна, што нягледзячы на яўныя парушэньні ўжо новай Канстытуцыі, якія ўтрымліваюцца ў актах прэзыдэнта, ніводзін зь іх ня быў скасаваны за час працы новага складу Канстытуцыйнага Суду. Больш за тое, яны нават не былі прадметам разгляду ў судзе.

Улічваючы цяперашні статус суду, а таксама тую акалічнасьць, што ўсе найвышэйшыя органы дзяржавы сфармаваныя самім А. Лукашэнкам або пры ягоным беспасярэднім удзеле, можна сьцьвярджаць: Канстытуцыйны Суд фактычна стаў дэкарацыйным органам, які камуфлюе адсутнасьць рэальнага разьдзяленьня і балянсу ўладаў у дзяржаўным мэханізьме Рэспублікі Беларусі.

Структура органаў дзяржаўнай улады ў Рэспубліцы Беларусі і іх трансфармацыя

Карані спаўзаньня Беларусі на шлях аўтарытарызму трэба шукаць ня толькі ў мэнталітэце і асаблівасьцях палітычнае культуры, але і ў арганізацыйна-структурных кампанэнтах палітычнай улады, а таксама, што ня менш істотна, у працэсах рэалізацыі адміністрацыйна-гаспадарчых функцыяў дзяржавы. У сувязі з гэтым асобнага аналізу заслугоўваюць наступныя праблемы дзяржаўнага кіраваньня: 1) аналіз структуры органаў дзяржкіраваньня; 2) вывучэньне ролі бюракратыі як самастойнага актора ў палітычнай сыстэме; 3) карупцыя.

Сыстэма дзяржаўнага кіраваньня Рэспублікі Беларусі разьвівалася ў некалькі этапаў. Першы прыпадае на 1991—1994 гады і характарызуецца парлямэнцкай сыстэмай кіраваньня. Гэта быў час разбурэньня савецкай сыстэмы, набыцьця дзяржаўнага сувэрэнітэту, арганізацыйнага афармленьня інтарэсаў і станаўленьня фрагмэнтаванай шматпартыйнасьці.

Органы дзяржаўнага кіраваньня незалежнай Беларусі складваліся на аснове прафэсійных работнікаў партыйнага й дзяржаўнага апарату, г. зн. былое намэнклятуры, якая ў савецкія часы мела шмат прывілеяў, і галоўную зь іх — манаполію на ўладу. Урад Вячаслава Кебіча, прызначаны ў траўні 1990 году, складаўся ў асноўным з намэнклятуры, якая атрымала магчымасьці пераразьмеркаваньня значнай часткі агульнанароднай уласнасьці. Дэмакратычны лідэр С. Шушкевіч, які стаў Старшынём Вярхоўнага Савету ў верасьні 1991 году і шмат у чым служыў «прыкрыцьцём» для намэнклятурнай бюракратыі, у 1994 годзе быў адхілены ад улады.

З шэрагу прычынаў як пэрсанальнага, так і інстытуцыйнага характару (няздольнасьць выканаўчай улады выконваць функцыі эфэктыўнага палітычнага кіраваньня) было прынятае рашэньне ўвесьці парлямэнцка-прэзыдэнцкую сыстэму, што і адлюстравалася ў Канстытуцыі 1994 г.