Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 71

Валер Булгакаў

З новай рэдакцыі Канстытуцыі зьнікла права Канстытуцыйнага Суду даваць заключэньне пра парушэньне Канстытуцыі прэзыдэнтам. Замест гэтага зьявілася норма аб неабходнасьці на прапанову прэзыдэнта даваць заключэньне пра наяўнасьць фактаў сыстэматычнага або грубага парушэньня Канстытуцыі палатамі парлямэнту.

З Асноўнага Закону зьнікла згадка пра тое, што пастановы Канстытуцыйнага Суду канчатковыя і не падлягаюць абскарджаньню і апратэставаньню, а таксама норма аб тым, што простае або ўскоснае ўзьдзеяньне на Канстытуцыйны Суд ці яго чальцоў, зьвязанае зь дзейнасьцю для ажыцьцяўленьня канстытуцыйнага кантролю, недапушчальнае і цягне за сабой адказнасьць згодна з законам.

Такім чынам, зьмены, унесеныя ў заканадаўства і датычныя інстытуту канстытуцыйнага кантролю пасьля правядзеньня рэфэрэндуму 1996 г., ня маюць прагрэсіўнага характару, звужаюць гарантыі незалежнасьці судзьдзяў, ставяць Канстытуцыйны Суд і яго чальцоў у жорсткую залежнасьць ад волі аднога чалавека.

У выніку Канстытуцыйны Суд з актыўнага і самастойнага органа канстытуцыйнага кантролю ператварыўся ў залежную ад прэзыдэнта і яго структураў (Адміністрацыі, упраўленьня справаў, службы бясьпекі) юрыдычную ўстанову, пазбаўленую ўсялякае ініцыятывы і ўласнае пазыцыі. Гэтае перараджэньне добра відаць на прыкладзе справаў, якія разгледзеў новы склад суду.

За больш як чатырохгадовы тэрмін дзейнасьці Канстытуцыйнага Суду ў новым складзе ім былі разгледжаныя ў 1997 годзе — 13 справаў, у 1998 — 11, у 1999 — 17, у 2000 — 28. Аднак ніводзін акт прэзыдэнта ня быў прызнаны супярэчным Канстытуцыі, нягледзячы на тое, што шмат якія дэкрэты і ўказы прэзыдэнта, на думку выбітных беларускіх навукоўцаў, маюць яўна антыканстытуцыйны характар і пярэчаць ужо новай рэдакцыі Асноўнага Закону. Прыкладам, згодна з сумнавядомым дэкрэтам прэзыдэнта № 4023, ён мае права прымаць пастанову аб канфіскацыі маёмасьці, што належыць на правах уласнасьці як юрыдычным, так і фізычным асобам, нягледзячы на канстытуцыйную норму, што прымусовае адчужэньне маёмасьці ажыцьцяўляецца толькі паводле пастановы суду.

Пра «незалежнасьць» судзьдзяў яскрава сьведчыць Указ прэзыдэнта № 32 ад 18.01.1999 г., адпаведна зь якім прэзыдэнт... прыцягвае да дысцыплінарнай адказнасьці Старшыню Канстытуцыйнага Суду і яго намесьніка, калі яны «нясвоечасова прайшлі штогадовы мэдычны агляд у лячэльных установах упраўленьня справаў прэзыдэнта».

Парушэньнем Канстытуцыі і Закону аб Канстытуцыйным Судзе, якія не прадугледжваюць інстытуту папярэдняга кантролю, зьяўляецца тое, што судзьдзі Канстытуцыйнага Суду, паводле словаў самога А. Лукашэнкі, ажыцьцяўляюць папярэднюю экспэртызу законапраектаў, а таксама бяруць удзел у іх распрацоўцы.

Не дазваляюць казаць пра значэннасьць Канстытуцыйнага Суду ў справе абароны правоў грамадзянаў і ягоныя пасланьні пра стан канстытуцыйнай законнасьці ў Рэспубліцы Беларусь. Яны больш нагадваюць справаздачы аб зробленай працы зь яўным імкненьнем прыхарашыць стан справаў у сфэры захаваньня канстытуцыйных нормаў. У пасланьнях апісваюцца ўсе разгледжаныя справы, аналізуецца зьмест лістоў, што паступілі на адрас Канстытуцыйнага Суду, пералічаюцца канфэрэнцыі, у якіх удзельнічалі судзьдзі Канстытуцыйнага Суду. Але разам з тым у іх няма галоўнага — прынцыповасьці ў ацэнцы стану з захаваньнем законнасьці і правоў чалавека.