Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 70

Валер Булгакаў

Калі дагэтуль увесь склад суду абіраўся парлямэнтам, дык цяперака, згодна з часткай 3 артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусі, шэсьць судзьдзяў прызначаюцца прэзыдэнтам, а шэсьць — абіраюцца вярхняй палатай парлямэнту — Саветам Рэспублікі.

Цікава, што, нягледзячы на ўказаньне Канстытуцыі выбіраць шэсьць судзьдзяў, насамрэч ніякіх выбараў не праводзілася, альтэрнатыўныя кандыдатуры парлямэнту не прапаноўваліся і на паседжаньні, на якім зацьвярджалі судзьдзяў, не абмяркоўваліся. І яшчэ: у Рэглямэнце Савету Рэспублікі, які афіцыйна не публікаваўся, ёсьць палажэньне, згодна зь якім усе кандыдатуры на пасаду судзьдзяў Канстытуцыйнага Суду могуць уносіцца на разгляд верхняй палаты толькі на прапанову Старшыні Канстытуцыйнага Суду. Іначай кажучы, магчымасьць прызначэньня непажаданых з той ці іншай прычыны для прэзыдэнта судзьдзяў цалкам выключаная.

У новай рэдакцыі Канстытуцыі і — адпаведна — у новай рэдакцыі Закону аб Канстытуцыйным Судзе зьмяніліся патрабаваньні да прэтэндэнтаў на пасаду судзьдзі. Гранічны ўзрост чальцоў суду павышаны да 70 год. Цяпер прэтэндэнты павінны, «як правіла», мець навуковую ступень у галіне юрыспрудэнцыі. Што праўда, у Канстытуцыі нічога не гаворыцца пра тое, хто вырашае, магчыма ці не магчыма вылучаць на пасаду судзьдзі асобу, якая ня мае такой ступені.

У новай рэдакцыі Канстытуцыі і Закону аб Канстытуцыйным Судзе зьніжаныя гарантыі незалежнасьці судзьдзяў. Цяпер паўнамоцтвы судзьдзі могуць прыпыняцца, ён можа быць арыштаваны або прыцягнуты да адказнасьці «са згоды прэзыдэнта». Акрамя таго, прэзыдэнт можа ў любы час адхіліць старшыню суду і любога судзьдзю (у тым ліку і прызначанага ня ім на пасаду) у выпадках, прадугледжаных арт. 18 Закону аб Канстытуцыйным Судзе.

Зьніжаныя і матэрыяльныя гарантыі незалежнасьці судзьдзяў. Цяпер яны ў матэрыяльным забесьпячэньні прыраўноўваюцца да судзьдзяў агульных судоў.

29 студзеня 1997 году парлямэнт прыняў дапаўненьне да Закону аб Канстытуцыйным Судзе, згодна зь якім «судзьдзя ў часе зьдзяйсьненьня сваіх паўнамоцтваў у Канстытуцыйным Судзе прыводзіцца да прысягі аднаго разу». Аднак, нягледзячы на гэта, 4 сакавіка 1997 г. новы склад судзьдзяў, у тым ліку й чацьвёра судзьдзяў першага складу, былі прыведзеныя да прысягі на вернасьць новай рэдакцыі Канстытуцыі асабіста А. Лукашэнкам.

Істотныя зьмены адбыліся ў пераліку суб’ектаў, надзеленых правам ініцыяваць судовыя справы ў Канстытуцыйным Судзе. Зь іх былі выключаныя тыя суб’екты, якія раней праявілі найбольшую актыўнасьць у падачы заяваў. Згодна з новымі варункамі, Канстытуцыйны Суд ня можа распачынаць справы з уласнай ініцыятывы. Цяпер права зьвяртацца ў суд маюць прэзыдэнт, абедзьве палаты парлямэнту, Вярхоўны і Вышэйшы гаспадарчыя суды (прызначаныя прэзыдэнтам) і Савет міністраў Рэспублікі Беларусі (прэм’ер-міністар прызначаецца на пасаду прэзыдэнтам з наступным зацьверджаньнем верхняй палатай парлямэнту, астатнія чальцы ўраду прызначаюцца прэзыдэнтам).