Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 69

Валер Булгакаў

У такіх варунках 19 лістапада 1996 году Канстытуцыйны Суд распачаў справу «Аб парушэньні Прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусі А. Лукашэнкам Канстытуцыі Рэспублікі Беларусі». Аднак справа не разглядалася па сутнасьці. На судзьдзяў рабіўся беспрэцэдэнтны ўціск з боку Адміністрацыі прэзыдэнта. Старшыню суду В. Ціхіню двойчы выклікалі на канфідэнцыйныя гутаркі з А. Лукашэнкам. Пасьля гэтых сустрэчаў В. Ціхіня неаднойчы схіляў судзьдзяў спыніць справу.

Усеахопны ўціск рабіўся таксама на дэпутатаў, якія падпісалі зварот у Канстытуцыйны Суд. У выніку незаконных дзеяньняў уладаў (запалохваньні, шантаж, пагрозы і да т.п.) да дня разгляду справы 12 дэпутатаў адклікалі свае подпісы пад зваротам.

Яшчэ адна цікавая дэталь. Напярэдадні разгляду справы аб адхіленьні прэзыдэнта А. Лукашэнкі ад пасады ў Менск прыбыла група расійскіх высокіх асобаў (Віктар Чарнамырдзін, Генадзь Селязьнёў, Ягор Строеў). Пад іхным патранажам уночы з 21 на 22 лістапада было падпісанае «траістае» «Пагадненьне аб грамадзка-палітычнай сытуацыі і канстытуцыйнай рэформе ў Рэспубліцы Беларусі»*. Яго падпісалі прэзыдэнт А. Лукашэнка, які абавязаўся скасаваць свае ўказы аб абавязковым рэфэрэндуме ў пытаньнях зьменаў і дапаўненьняў Канстытуцыі; Старшыня Вярхоўнага Савету С. Шарэцкі, які меўся забясьпечыць адкліканьне з Канстытуцыйнага Суду дэпутацкага звароту; Старшыня Канстытуцыйнага Суду В. Ціхіня, які мусіў спыніць справу аб парушэньні прэзыдэнтам А. Лукашэнкам Канстытуцыі Рэспублікі Беларусі.

Падпісаньне гэтага Пагадненьня не дазволіла Канстытуцыйнаму Суду пачаць 22 лістапада 1996 году разгляд справы, нягледзячы на тое, што сабраліся ўсе ўдзельнікі судовага паседжаньня. Старшыня суду В. Ціхіня ня даў пачаць працэсу і адклаў разгляд да атрыманьня ліста С. Шарэцкага аб адкліканьні подпісаў дэпутатаў Вярхоўнага Савету. Аднак бальшыня дэпутатаў адмовілася адклікаць свае подпісы.

Выніковае паседжаньне суду было прызначанае на 26 лістапада 1996 г. Але ранкам гэтага дня Цэнтальная камісія па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў абвясьціла «пераможныя» вынікі рэфэрэндуму і ўступленьне ў сілу новай рэдакцыі Канстытуцыі. Вярхоўны Савет 13 скліканьня на ініцыятыву Адміністрацыі прэзыдэнта быў распушчаны. У такіх умовах Канстытуцыйны Суд спыніў справу аб парушэньні прэзыдэнтам А. Лукашэнкам Канстытуцыі Рэспублікі Беларусі. Фармальнай падставай для гэтага паслужыла тое, што дэпутаты Вярхоўнага Савету адклікалі свае подпісы пад зваротам у Канстытуцыйны Суд.

Зьмены прававога статусу Канстытуцыйнага Суду паводле новай рэдакцыі Канстытуцыі

Новая рэдакцыя Асноўнага Закону, а таксама прынятая на яе аснове новая вэрсія Закону аб Канстытуцыйным Судзе кардынальна зьмяніла статус суду і яго чальцоў.

З Канстытуцыі зьнік асобны разьдзел, прысьвечаны прававому статусу Канстытуцыйнага Суду. Замест ранейшых васьмёх артыкулаў у новую рэдакцыю Асноўнага Закону ўвайшоў толькі адзін артыкул, зьмешчаны ў самым канцы разьдзелу «Суд».