Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 68

Валер Булгакаў

На падставе рашэньня Канстытуцыйнага Суду ад 4 лістапада 1996 году Вярхоўны Савет унёс зьмены ў сваю пастанову ад 6 верасьня 1996 году і прызнаў, што на абавязковы рэфэрэндум выносяцца толькі пытаньні пра перанос Дня незалежнасьці Рэспублікі Беларусі (Дня Рэспублікі) і пра выбарнасьць кіраўнікоў мясцовых органаў выканаўчай улады.

А. Лукашэнка, ня згодны з заключэньнем Канстытуцыйнага Суду ад 4 лістапада 1996 г. і пастановаю Вярхоўнага Савету ад 6 лістапада 1996, выдаў два ўказы, датычныя будучага рэфэрэндуму. Указ ад 5 лістапада 1996 г. № 455, парушаючы Канстытуцыю і Закон «Аб народным галасаваньні (рэфэрэндуме) ў Рэспубліцы Беларусі», вызначаў парадак уступленьня ў сілу рашэньняў рэспубліканскіх рэфэрэндумаў аб зьменах і дапаўненьнях Канстытуцыі. Указ ад 7 лістапада 1996 г. № 459 сьцьвярджаў, што заключэньне Канстытуцыйнага Суду ад 4 лістапада 1996 г. ня дзейснае, бо істотна разыходзіцца з Канстытуцыяй і абмяжоўвае канстытуцыйнае права грамадзянаў на ўдзел у рэфэрэндуме (народным галасаваньні). Больш за тое, указ зьмяшчаў пагрозу на адрас тых дзяржаўных органаў, якія будуць замінаць правядзеньню рэспубліканскага рэфэрэндуму. Дзейнасьць такіх дзяржаўных органаў, паводле ўказу прэзыдэнта, мусіла быць спыненая, а вінаватыя асобы прыцягваліся да адказнасьці. У істоце гэта было ўвядзеньне простага прэзыдэнцкага кіраваньня з усімі наступнымі вынікамі.

За два тыдні да рэфэрэндуму, з 9 лістапада 1996 году, пачалося датэрміновае галасаваньне, хаця тэксты зьменаў і дапаўненьняў Канстытуцыі не былі яшчэ апублікаваныя. Толькі 12 лістапада чатырохмільённым накладам выйшаў з друку прэзыдэнцкі праект Канстытуцыі. А вось альтэрнатыўны праект, вынесены на рэфэрэндум дэпутатамі Вярхоўнага Савету, невялічкім накладам быў апублікаваны толькі 21 лістапада, і грамадзяне практычна ня мелі магчымасьці зь ім азнаёміцца.

Увесь гэты час грамадзтва апрацоўвалася дзяржаўнымі сродкамі масавай інфармацыі. Грамадзянам дзясяткі разоў на дзень па радыё й тэлебачаньні прапаноўвалася падтрымаць пытаньні, вынесеныя прэзыдэнтам. Надзвычайную актыўнасьць падчас падрыхтоўкі да рэфэрэндуму разгарнулі падпарадкаваныя прэзыдэнту органы выканаўчай улады. Кіраўнікі прадпрыемстваў, установаў, арганізацыяў, калгасаў, саўгасаў, камандзіры вайсковых частак атрымалі канкрэтныя ўказаньні забясьпечыць перамогу прэзыдэнцкага праекту Канстытуцыі. Ува ўсіх рэгіёнах былі створаныя штабы для правядзеньня рэфэрэндуму, якія ахапілі сваім уплывам і кантролем амаль усё дарослае насельніцтва краіны.

Пад рознымі падставамі грамадзянаў схілялі да датэрміновага галасаваньня (хаця гэта й было парушэньнем Закону аб рэфэрэндуме). Праводзілася нечуваная дагэтуль агітацыйная праца на карысьць пытаньняў, прапанаваных прэзыдэнтам. Сам А. Лукашэнка з прапагандысцкімі мэтамі наведаў шэраг гарадоў, буйных прадпрыемстваў, выступаў на шматлюдных грамадзкіх форумах.