Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 67

Валер Булгакаў

Разгледзеўшы гэтыя ўказы, суд пастанавіў, што ліквідацыя ў гарадох раённых саветаў дэпутатаў і іх органаў і стварэньне на тэрыторыі раёнаў у гарадох мясцовых адміністрацыяў, пярэчаць Канстытуцыі і Закону «Аб мясцовым кіраваньні й самакіраваньні», а прыпыненьне правядзеньня выбараў у раённыя саветы дэпутатаў пярэчаць Канстытуцыі і Закону аб выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў.

Можна безь перабольшаньня сказаць, што на пачатковым этапе дзейнасьці (красавік 1994 г. — лістапад 1996 г.) Канстытуцыйны Суд зрабіў значны ўнёсак у рэалізацыю канстытуцыйных правоў і свабодаў грамадзянаў і забесьпячэньне прынцыпаў вяршэнства закону і разьдзяленьня ўладаў. Упершыню ў айчыннай практыцы канстытуцыяналізму было прадэманстраванае імкненьне органа ўлады служыць Канстытуцыі і абараняць правы чалавека і грамадзяніна.

Справа аб імпічмэнце прэзыдэнта А. Лукашэнкі

Напярэдадні канстытуцыйнага рэфэрэндуму 24 лістапада 1996 г. 73 дэпутаты Вярхоўнага Савету зьвярнуліся ў Канстытуцыйны суд з ініцыятывай аб адхіленьні ад пасады прэзыдэнта А. Лукашэнкі. Фармальнай падставай ініцыятывы дэпутатаў сталі шматлікія факты выданьня А. Лукашэнкам указаў, што пярэчылі Канстытуцыі і парушалі асноўныя правы й свабоды грамадзянаў. Такіх актаў, прызнаных устаноўленым парадкам неканстытуцыйнымі, налічвалася 18.

Рэальнай жа прычынай для пачатку працэдуры імпічмэнту стаў зацяты канфлікт паміж А. Лукашэнкам і парлямэнтам. Вытокі гэтага канфлікту, на наш погляд, трэба шукаць у нястрымным імкненьні А. Лукашэнкі сканцэнтраваць у сваіх руках усю дзяржаўную ўладу і пазбавіць іншыя органы ўлады права кантраляваць ягоную дзейнасьць. Улетку 1996 году А. Лукашэнка абвесьціў намер правесьці нацыянальны рэфэрэндум і ўнесьці істотныя зьмены й дапаўненьні ў Канстытуцыю 1994 году. Народу Беларусі прапаноўвалася, па сутнасьці, новая канстытуцыя. Асноўныя праўкі датычылі пераразьмеркаваньня паўнамоцтваў асноўных органаў улады. Прычым большая частка паўнамоцтваў даставалася прэзыдэнту. У той жа час Вярхоўны Савет як найвышэйшы прадстаўнічы орган улады мусіў быць датэрмінова распушчаны, а замест яго меў зьявіцца дзьвюхпалатны парлямэнт накшталт Нацыянальнага сходу Францыі. Канстытуцыйны суд таксама належала рэфармаваць, зьмяніўшы парадак яго фармаваньня і звузіўшы кампэтэнцыю. У выніку і парлямэнт, і Канстытуцыйны Суд лучалі ў поўную залежнасьць ад прэзыдэнта, чые паўнамоцтвы, у сувязі з прыняцьцём новай канстытуцыі, працягваліся на два гады.

Пад выглядам правядзеньня рэфэрэндуму А. Лукашэнка й ягоная каманда рыхтавалі дзяржаўны пераварот з мэтай умацаваньня асабістай улады прэзыдэнта. Дэмакратычна настроеныя дэпутаты Вярхоўнага Савету ўсяляк чынілі перашкоды гэтым памкненьням А. Лукашэнкі. На прапанову Старшыні Вярхоўнага Савету С. Шарэцкага й з уласнай ініцыятывы Канстытуцыйны Суд разгледзеў з пункту погляду адпаведнасьці Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусі пастанову Вярхоўнага Савету ад 6 верасьня 1996 году «Аб правядзеньні рэспубліканскага рэфэрэндуму ў Рэспубліцы Беларусі і захадах для яго забесьпячэньня» і пастанавіў, што пытаньне аб зьменах і дапаўненьнях Канстытуцыі Рэспублікі Беларусі ня можа выносіцца на абавязковы рэфэрэндум. Паводле пастановы суду, вынікі галасаваньня ў гэтым пытаньні маглі мець адно рэкамэндацыйны (кансультацыйны) характар.