Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 64

Валер Булгакаў

Канстытуцыйны Суд распачаў разгляд канстытуцыйнасьці нормаў працоўнага заканадаўства з прычыны неабгрунтаванага абмежаваньня пэўнымі тэрмінамі аплаты вымушанага прагулу, а таксама задавальненьня іншых грашовых патрабаваньняў. Вярхоўны Савет, разгледзеўшы гэтае пытаньне, палічыў неабходным скасаваць у Кодэксе законаў аб працы нормы, што абмяжоўвалі тэрмін аплаты вымушанага прагулу, а таксама выплаты работніку належных сумаў пры задавальненьні іншых грашовых патрабаваньняў.

Вывучыўшы пытаньне аб рэалізацыі права грамадзянаў на прафэсійна-тэхнічную адукацыю, Канстытуцыйны Суд выявіў, што выканаўчы камітэт Менскага гарадзкога Савету дэпутатаў, прыняўшы 19 траўня 1994 году пастанову «Аб парадку прыёму ў прафэсійна-тэхнічныя вучэльні выпускнікоў агульнаадукацыйных школаў г. Менску і найбліжэйшых населеных пунктаў», абмежаваў магчымасьць атрыманьня прафэсійна-тэхнічнай адукацыі ў Менску выпускнікоў школаў іншых рэгіёнаў краіны. Суд зрабіў выснову, што гэтая пастанова не адпавядае артыкулу 49 Канстытуцыі, артыкулу 19 Закону «Аб правах дзіцяці», якія гарантуюць грамадзянам права на даступнасьць прафэсійна-тэхнічнай адукацыі і выбар навучальнай установы. Пастанова было прызнаная неканстытуцыйнай і ня маючай юрыдычнае сілы ў частцы абмежаваньня правоў грамадзянаў на атрыманьне прафэсійна-тэхнічнай адукацыі ў навучальных установах Менску.

У справе «Аб адпаведнасьці Канстытуцыі артыкула 88 Закону Рэспублікі Беларусі «Аб пэнсійным забесьпячэньні» і артыкула 56 Закону Рэспублікі Беларусі «Аб пэнсійным забесьпячэньні вайскоўцаў, асобаў камандуючага і шараговага складу органаў унутраных справаў» суд, прызнаўшы гэтыя артыкулы неканстытуцыйнымі ў частцы прыпыненьня выплаты працоўнай пэнсіі на тэрмін пазбаўленьня пэнсіянэра волі, адначасова прапанаваў Вярхоўнаму Савету і органам выканаўчай улады прывесьці законы і іншыя нарматыўныя акты ў адпаведнасьць з Заключэньнем Канстытуцыйнага Суду ад 28 траўня 1996 г.

Артыкул 22 Канстытуцыі гарантаваў роўнасьць усіх перад законам і права без усялякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў. Захаваньне гэтай канстытуцыйнай нормы не магло быць забясьпечана ў варунках, калі адміністрацыйную адказнасьць, а таксама падвышаныя (у параўнаньні з ужо прынятым Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэньнях) памеры караў (штрафаў) на свой водум прымалі абласныя, Менскі гарадзкі саветы дэпутатаў. 24 кастрычніка 1994 г. Канстытуцыйны Суд прызнаў артыкул 5 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях у частцы надаваньня права мясцовым саветам прымаць пастановы аб узмацненьні і ўсталяваньні адміністрацыйнай адказнасьці неадпаведным Канстытуцыі.

Разглядаючы справу аб адпаведнасьці Канстытуцыі пастановаў Савету міністраў Рэспублікі Беларусі ад 6 красавіка 1992 г. № 186 «Аб дзяржаўных каштоўных паперах былога Саюзу ССР» і ад 5 сакавіка 1993 г. № 125 «Аб выкупе аблігацыяў мэтавай беспрацэнтнай пазыкі 1990 году на набыцьцё тавараў працяглага карыстаньня», суд прызнаў, што дзяржава беспадстаўна адмовілася выконваць узятыя на сябе абавязкі што да грамадзянаў-уласьнікаў аблігацыяў азначанай пазыкі, не згадзіўшыся на прапанаваныя ўмовы іх пагашэньня. Тым самым былі парушаныя ня толькі патрабаваньні асноўных нормаў грамадзянскага заканадаўства, але й канстытуцыйны прынцып узаемнай адказнасьці дзяржавы й грамадзяніна.