Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 62

Валер Булгакаў

Асаблівасьцю прававога статусу Канстытуцыйнага Суду, у адрозьненьне ад судоў іншых эўрапейскіх краінаў, было права суду на сваю ініцыятыву разглядаць пытаньне аб адпаведнасьці нарматыўных актаў любога дзяржаўнага органа, грамадзкага аб’яднаньня Канстытуцыі, законам, міжнародна-прававым актам, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусяй. Варта адзначыць, што Канстытуцыйны Суд, асабліва на пачатку сваёй дзейнасьці, досыць часта карыстаўся правам пачынаць справы з уласнай ініцыятывы, што сталася нагодай упікаць суд у «юрыдычным актывізьме» і, безумоўна, было адной з прычынаў, што падштурхнула А. Лукашэнку ініцыяваць канстытуцыйную рэформу ўвосень 1996 году.

Замежныя адмыслоўцы, якія рэцэнзавалі праект Закону аб Канстытуцыйным Судзе, выказвалі заклапочанасьць у сувязі з тым, што існаваньне такога права дае падставу сумненьням у нэўтральнасьці і палітычнай бесстароннасьці суду. А. Блянкенагель, прыкладам, паказваў, што наяўнасьць уласнай ініцыятывы правакуе суд на судова-прававую актыўнасьць і пазбаўляе яго магчымасьці выконваць свае першапачатковыя функцыі і не дае баком ставіцца да гэтай інстанцыі як да суду.

Тым ня менш, заканадаўца не прыслухаўся да гэтых заўвагаў і надаў суду на канстытуцыйным узроўні права распачынаць справы з уласнае ініцыятывы. На гэтае рашэньне паўплывалі як мінімум тры акалічнасьці. Па-першае, быў улічаны досьвед працы Камітэту Канстытуцыйнага нагляду СССР, які меў такое права. Па-другое, меркавалася, што суд будзе асьцярожна выкарыстоўваць гэтае права, разглядаючы толькі акты, якія абмяжоўвалі канстытуцыйныя правы й свабоды грамадзянаў. Па-трэцяе, орган канстытуцыйнага кантролю быў новаю зьявай у палітычнай і прававой сыстэмах дзяржавы. Некаторыя дэпутаты лічылі, што наданьне суду такога права заахвоціць да актыўнасьці іншых суб’ектаў, што могуць ініцыяваць звароты і «заняць» суд дастатковай колькасьцю працы. Меркавалася, што Канстытуцыйны Суд будзе распачынаць справы з свае ініцыятывы адно на першым этапе сваёй дзейнасьці.

Іншым паўнамоцтвам суду, пра якое ня згадвалася ў Канстытуцыі, але якое прадугледжвалася артыкуламі 36 і 44 Закону аб Канстытуцыйным Судзе, было складаньне прэзыдэнту і Вярхоўнаму Савету штогадовага пасланьня пра стан канстытуцыйнай законнасьці ў краіне. Праект гэтага дакумэнту рыхтаваўся Сакратарыятам Канстытуцыйнага Суду, затым накіроўваўся судзьдзям і чальцам Навукова-Кансультацыйнай Рады для вывучэньня. Дапрацаваны тэкст пасланьня з улікам заўвагаў і прапановаў абмяркоўваўся на паседжаньні суду, зацьвярджаўся ягонай пастановай і падпісваўся Старшынём Канстытуцыйнага Суду.

Першы такі дакумэнт быў прыняты 27 студзеня 1995 году. У ім ацэньвалася захаванасьць канстытуцыйных нормаў у дзейнасьці дзяржаўных органаў на прыкладзе пастановаў Канстытуцыйнага Суду, а таксама выказваліся прапановы для ўдасканаленьня дзейнага заканадаўства. Фактычна, у першым пасланьні быў закладзены стандарт наступных дакумэнтаў такога тыпу.